ВЫБОРЫ 2018: На выбарчым участку – Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна

Среда, 14 февраля 2018 16:35  |  Источник  Газета "Слуцкі край"

 У аўторак 13 лютага пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання. Карэспандэнт «Слуцкага краю» наведала ўчастак для галасавання №54 у вёсцы Мусічы. 

Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна, жывёлавод філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» Галіна Аляксандраўна Касымакунава  ў ліку тых, хто 14 лютага прыйшоў на ўчастак для датэрміновага галасавання.
– Мяне хвалюе будучыня нашага раёна і краіны, – адзначае Галіна Аляксандраўна. – Лічу абавязковым прыняць удзел у галасаванні на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У дзень выбараў не змагу прыйсці на ўчастак па сямейных абставінах, таму вырашыла датэрмінова аддаць свой голас за самага годнага, на мой погляд, кандыдата.
 
У Галіны Аляксандраўны многаму можна павучыцца: як трэба любіць зямлю-карміцельку, родную старонку, працавітасці, адказнасці. Рукі гэтай жанчыны не ведаюць стомы. Больш за 50 гадоў працуе яна ў сельскай гаспадарцы, дасягае высокіх вынікаў. 
 
За шматгадовую добрасумленную працу Галіну Аляксандраўну неаднаразова адзначалі рознымі ўзнагародамі: ордэнам «Знак Пашаны», ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, бронзавым медалём ВДНГ «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР», медалём Мацярынства другой ступені. Яна мае званне «Лепшы жывёлавод», узнагароджана шматлікімі ганаровымі граматамі.
 
У 2016 годзе Галіне Аляксандраўне Касымакунавай прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Слуцкага раёна. За руплівую, сумленную, самаадданую працу!

Подробнее

Прочитано 29 раз