Новости Воложинского района

Среда, 07 марта 2018 11:42  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З 1 лютага па 20 сакавіка ў раёне праводзяцца рэйды з мэтай праверкі домаўладанняў сацыяльна слабых катэгорый грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Ініцыятарам рэйдаў стаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У іх прымаюць удзел таксама работнікі РАУС, РАНС, энерганагляду. Асноўная мэта – прафілактычная работа з гэтай катэгорыяй насельніцтва, выяўленне слабых месцаў у электраабсталяванні, пячным ацяпленні. За люты абследаваны практычна ўсе населеныя пункты і гарадскі пасёлак Івянец. На парадку дня засталіся домаўладанні ў райцэнтры і ў некаторых сельсаветах, куды правяраючыя не змаглі патрапіць папярэдне. На дадзены момант абследаваны 108 домаўладанняў. Выяўлены розныя праблемы, звязаныя з рамонтам пячнога ацяплення, частковай ці поўнай заменай электраправодкі. Рэкамендавана ў кожным доме ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У дамах трох адзінокіх людзей у бліжэйшы час за сродкі раённага бюджэту будзе заменена электраправодка. Накіраваны 32 пісьмы дзецям працаздольнага ўзросту, бацькі якіх пражываюць адны, 5 інфармацый – у сельвыканкамы для ўзаемасупрацоўніцтва, 3 – у РАУС.

Клуб пажылых людзей Івянца, які ўзначальвае М. П. Філіповіч, набыў канчатковую назву – “Натхненне”. На другім пасяджэнні прыняты яго статут, абраны актыў.

Пасяджэнне праходзіла ў кафэ “У францішканаў”. Настаўніца Л. У. Страчынская зрабіла завочнае падарожжа па гістарычных мясцінах старажытнага гарпасёлка. У той дзень павіншавалі імяніннікаў, уручылі ім невялікія падарункі. Івянецкія пенсіянеры сталі ініцыятарамі паездак у валожынскі басейн. Такія паездкі адбыліся ў лютым тройчы. Магчымасць паплаваць скарысталі не толькі члены клуба, але і маладыя жыхары пасёлка.

У мінулым месяцы выхаванцы Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у некалькіх творчых іспытах.

Вучань 5 класа гітарыст Данііл Сачанка прывёз Дыплом III ступені Рэгіянальнага тура VIII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча, які праходзіў у Маладзечне. Рыхтаваў яго да конкурсу выкладчык Сяргей Сяргеевіч Колаш. А навучэнка фартэпіяннага аддзялення Дзіяна Вялічка (выкладчык Алена Ігараўна Гапановіч) адзначана граматай за паспяховы ўдзел у конкурсе “Беларускія карцінкі-2018”, што праводзіўся ў Любані. Кожны з канкурсантаў выконваў па два творы.

Федэрацыя баскетбола Рэспублікі Беларусь прадаставіла магчымасць 20 юным баскетбалістам Валожыншчыны разам з трэнерам Л. У. Хвядчэнем бясплатна пабываць у Палацы спорту ў Мінску на адборачным матчы Чэмпіянату Еўропы па баскетболе паміж жаночымі камандамі Беларусі і Польшчы. Дарэчы, уваход на матч быў строга па спісах.

У холе Палаца спорту абсталявалі гульнявую зону. Жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у спаборніцтвах па настольных гульнях на прызы ГА “Беларуская федэрацыя баскетбола”.

Напрыканцы лютага ў вёску Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета, дзе месціцца прытулак для бяздомных сабак, які летась адкрылі валожынцы муж і жонка Алена і Ігар Крэйнісы, наведалася здымачная група тэлекампаніі “Мір”.

На працягу нядзельнага дня, 25 лютага, у навінах праходзіў сюжэт пра першапачынальнікаў і іх нялёгкую працу па выратаванні і адаптацыі сабак. Дарэчы, крыху раней сюжэт пра прытулак паказвалі па канале СТБ. У Крэйнісаў на дадзены момант утрымліваюцца 20 сабак рознага ўзросту і розных парод, якім яны разам з валанцёрамі шукаюць новых гаспадароў. Вельмі значную падтрымку аказвае прытулку індывідуальны прадпрымальнік з райцэнтра Юрый Гасціловіч. Некалькі разоў ён прывозіў гадаванцам розныя крупы, у апошні візіт – больш за 300 кілаграмаў сечкі, ячных круп, аўсянкі.

Тэатр-студыю “Ярус”, якая працуе ў раённым Цэнтры культуры, наведваюць 12 вучняў гімназіі № 1, сярэдніх школ горада. Юным тэатралам ад 10 да 15 гадоў.

Кіруе студыяй малады спецыяліст Уладзімір Ціханоўскі. Зараз рабяты працуюць над пастаноўкай па творах Святланы Алексіевіч. Гэта будуць маналогі-ўспаміны дзяцей вайны. Прэм’ера намечана на май.

Прочитано 315 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…О незаконном пути не может быть и речи…»

06.06.2018
Червень, прием граждан