Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

26 верасня адбылося пасяджэнне Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) Рэспублікі Беларусь. Па выніках разгляду дысертацый і атэстацыйных спраў вучоная ступень доктара навук прысуджана 2 чалавекам. Адна з іх, доктара філалагічных навук, – Марыне Станіславаўне Рагачэўскай, дзявочае прозвішча Дэюн. Дарэчы, гэта першая доктарская дысертацыя па замежнай літаратуры за час існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы. Сярэдняя школа № 2 райцэнтра і настаўнікі старэйшага пакалення могуць ганарыцца сваёй вучаніцай.

Марына Станіславаўна Дэюн нарадзілася і вырасла ў Валожыне. Тут да гэтага часу жывуць яе матуля і старэйшая сястра з сям’ёй. З сярэбраным медалём скончыла сярэднюю школу. А ў 1992 годзе – тагачасны інстытут замежных моў. З таго моманту і працуе ў роднай альма-матар на выкладчыцкай рабоце. У 2002 годзе наша зямлячка скончыла аспірантуру, а праз год абараніла дысертацыю і атрымала званне кандыдата навук. Сваю доктарскую дысертацыю па тэме “Новыя формы псіхалагізму ў брытанскім рамане ХХ стагоддзя” Марына Станіславаўна абараніла ў 48 гадоў. Цяпер яна працуе на кафедры замежнай літаратуры.

На працягу апошніх дзён верасня наш раён наведала дэлегацыя з Германіі, прадстаўнікі Хрысціянскага Саюза маладых людзей з-пад Гановера. Яны шмат гадоў супрацоўнічаюць з Сакаўшынскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. У складзе дэлегацыі з шасці чалавек былі самыя розныя людзі – галоўны святар той акругі, валанцёры, людзі, якія непасрэдна арганізуюць аздараўленне дзяцей. Сярод іх была жанчына, што ўпершыню наведала Беларусь у 1988 годзе.

Прадстаўнікі ХСМЛ сустрэліся з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала і абмеркавалі далейшыя шляхі супрацоўніцтва. Цэлы дзень госці правялі ў Сакаўшчыне: наведалі школу, сустракаліся з дзецьмі, якія пабывалі ў Германіі, у мясцовым Доме культуры ім правялі майстар-клас па вырабе беларускіх паясоў і лялек-абярэгаў. З цікавасцю разглядалі выставы мясцовых умельцаў, а затым паглядзелі канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі з удзелам гурткоў “Званочкі” і “Кругагляд”. Пабывалі замежныя госці ў Дорах, дзе наведалі мемарыял “Загінуўшых чакаюць вечна”, мясцовую царкву, музейны пакой у школе, для іх была арганізавана экскурсія па Валожыну і Мінску.

Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу малюнкаў “Намалюй свае правы. 70 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”. Работы на конкурс прадставілі 8 устаноў адукацыі.

У намінацыі “жывапіс” Дыпломы за першае месца прысуджаны гімназісту Яўгенію Краскоўскаму, вучню Сівіцкага ВПК дзіцячы сад-базавая школа Аляксандру Адамовічу і Паліне Лявіцкай з Гародзькаўскага ВПК. Дыпломамі другой ступені адзначаны работы прадстаўнікоў Пяршайскага ВПК Паліны Санкоўскай, Ксеніі Рудай, Юрыя Пратасевіча і Дар’і Матус з Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Дыплом за трэцяе месца заслужыла Маргарыта Рабекша з Пугачоўскага ВПК. Тры работы, якія ўдастоены першага месца, адпраўлены на абласны этап конкурсу.

З нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі сваіх падначаленых грамадзян, якія ў гэтыя дні знаходзяцца на сацыяльных ложках у Ракаўскай участковай бальніцы і ў Івянецкай, 12 і 7 чалавек адпаведна.

Таксама яны пабывалі ў Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду, дзе на дадзены момант даглядаюць 22 жанчын і мужчын. Сацработнікі пагутарылі са старымі людзьмі, даведаліся пра іх патрэбы, уручылі салодкія ласункі – тарты.

Чарговую партыю гуманітарнага грузу ў 300 кілаграмаў размяркоўвае раённае таварыства інвалідаў. На гэтым тыдні многія жыхары раёна атрымалі неабходныя рэчы.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ёсць хадункі на калёсах, біятуалет, некалькі інвалідных калясак, мыліцы, памперсы, а таксама дарослае і дзіцячае адзенне. Частку грузу накіравалі ў Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Адбылася таварыская сустрэча па міні-футболе паміж камандамі моладзі і зборнай райцэнтра на кубак А. С. Латышава. Матч завяршыўся з лікам 9:7 на карысць зборнай Валожына.

Лепшымі ігракамі каманд прызнаны Андрэй Пракаповіч і Ілля Паташ. Гэта быў апошні турнір на адкрытай пляцоўцы.

Прочитано 185 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Всегда надо поступать по закону…»

05.12.2018
г.Борисов, прием граждан