Новости Воложинского района

Вторник, 09 Октября 2018 09:30  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З мэтай паспяховай інтэграцыі і абмену вопытам паміж работнікамі цэнтральнай бібліятэкі самакіравання Вільнюскага раёна і Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай з 28 па 30 верасня дэлегацыя нашых работнікаў на чале з дырэктарам І. М. Зянько наведала пасёлак Рудамін у суседняй Літве. Варта нагадаць, што з Рудамінам наш раён працяглы час звязваюць сяброўскія сувязі, а іх бібліятэчныя работнікі пабывалі на Валожыншчыне раней.

29 верасня валожынцы прысутнічалі на раённых Дажынках, якія штогод праводзяцца ў пасёлку Пікелішкі. Прыемна было там сустрэцца з прадстаўнікамі нашага раёна, якія былі запрошаны на гэта восеньскае свята. Для бібліятэчных работнікаў іх калегі арганізавалі аглядавую экскурсію па сваёй сталіцы. Наведалі Літоўскую нацыянальную бібліятэку, пабывалі ля помніка Адаму Міцкевічу, які знаходзіцца непадалёк званіцы касцёла Св. Ганны, пабачылі мясціны, звязаныя з нашым земляком – мастаком Фердынандам Рушчыцам. Зразумела, у Рудаміне пазнаёміліся з вопытам работы іх бібліятэчнай сістэмы, фінансаваннем. Дарэчы, на паліцах убачылі кнігі не толькі на літоўскай мове, але і найбольш папулярных расійскіх аўтараў на рускай, польскія, англамоўныя выданні.

Напраканцы верасня ў Мінску прайшоў адкрыты абласны форум сельскай моладзі. Наш раён прадстаўляла дэлегацыя з сямі чалавек, якую ўзначальвала першы сакратар РК БРСМ Юлія Лагуціна. У дэлегацыю ўваходзілі маладыя спецыялісты з розных калектываў, што прадстаўлялі адукацыю, сельскую гаспадарку, медыцыну, культуру, інш.

Пасяджэнне секцыі “Культура”, у рабоце якой брала ўдзел і дырэктар Дорскай школы мастацтваў Таццяна Кулік-Панарад, праходзіла ў Ракаве. Удзельнікі пазнаёміліся з работай цэнтра народнай творчасці, яго фарміраваннямі. Ім прадэманстравалі работы каваля Канстанціна Пятроўскага, які летась удзельнічаў у конкурсе “Маладыя імёны Беларусі” і стаў пераможцам абласнога этапу, паказалі фрагменты народнай драмы “Цар Ірад” тэатра “Батлейка”. Госці паўдзельнічалі ў майстар-класе па побытавых танцах, пазнаёміліся з пляценнем беларускіх паясоў. Для іх арганізавалі знаёмства з маладымі ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Вянок”.  Выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Юлія Мякінка правяла экскурсію па родным Ракаве. Вынікі работы секцыі таксама былі падведзены за “круглым сталом” у Ракаве.

Ансамбль польскай песні “Івянчанка” Івянецкага гарпасялковага Дома культуры прыняў удзел у V Міжнародным фестывалі этнакультур “Кліч Палесся”, які праходзіў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. На гэтым свяце наш раён быў прадстаўлены ўпершыню. Сваёй культурнай спадчынай таксама дзяліліся індусы, казахі, расіяне, украінцы.

Канцэртныя нумары івянчанкі прадэманстравалі ў праграме адкрыцця свята і ў агульнай канцэртнай праграме. Выступалі на адной сцэне з аркестрам пад кіраўніцтвам М. Фінберга і яго салістамі, іншымі беларускімі спевакамі. Ад івянецкіх майстроў-ганчароў уручылі вазу міністру культуры Беларусі. Прыемна было сустрэць сярод гасцей і земляка Віталя Карпанава з групай “Дразды”. Уразіў сам аграгарадок з трохзоркавай гасцініцай, музеем. Гасцям быў арганізаваны надзвычай цёплы прыём, а івянчанам ёсць з чым параўноўваць.

Работнікі культустаноў раёна адзначылі Дзень пажылых людзей канцэртамі, святочнымі агеньчыкамі, наведаліся да многіх старых людзей дадому.

Работнікі Сакаўшчынскага СЦК выехалі ў вёску Няровы, дзе далі канцэрт пад адкрытым небам, іх калегі з Багданаўскага СЦК пабывалі ў насельнікаў прыватнага прытулку “Сямейны прычал” у вёсцы Вайганы. Пажылых івянчан сабралі за святочнымі сталамі ў Доме польскім. З цёплымі словамі віншавання выступілі старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Т. Я. Ліпніцкая і старшыня ветэранскай арганізацыі А. П. Нядвецкая. Салодкі стол дапамагла арганізаваць прадпрымальніца Наталля Крутава. Канцэртную праграму “Дні залатога колеру” прадэманстравалі работнікі Дома культуры і школы мастацтваў. Работнікі Ракаўскага цэнтра народнай творчасці традыцыйна падрыхтавалі “музычныя віншавальныя паштоўкі” для пажылых людзей, якія ў свой час прымалі актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці і рабоце ўстановы культуры. У першы дзень кастрычніка яны наведалі Аляксандра Мікалаевіча Гідлеўскага, Льва Іванавіча Сярко, Марыю Васільеўну Пліскоўскую, Яўгенію Браніславаўну Лянкевіч, Марыю Міхайлаўну Смыковіч і іншых. Пенсіянерам прыемна было атрымаць букет восеньскіх кветак і музычны падарунак. Работнікі Пугачоўскага СДК павіншавалі сям’ю Людмілы Васільеўны і Аляксея Іванавіча Пракаповічаў.

Прочитано 76 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018