Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У нашым раёне практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы маюць уласныя пчальнікі, некаторыя дастаткова вялікія. Між тым, у іншых раёнах вобласці мёдам займаюцца 2-3 гаспадаркі.

Самы вялікі пчальнік – у КСУП “Пяршаі-2014” – налічвае 100 пчоласем’яў, у КСУП “Падбярэззе” – 45. У ААТ “Агра-Дубінское” ўтрымліваюць 32 сям’і, ТДА “Тарасава” (участак “Пугачы”) – 31, ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца” – па 25, ААТ “Агра-Вішнеўскае” і КСУП “Сакаўшчына-агра” – адпаведна 17 і 15 пчоласем’яў. Мёдам усур’ёз займаюцца некалькі аграсядзіб і фермерскіх гаспадарак, пра што сведчаць іх назвы. У аграсядзібе “Мядовая каралева” пчальнік налічвае 60 пчоласем’яў, у фермерскай гаспадарцы “Мядовае багацце”, што размешчана ля Івянца, – 35, у сядзібе “Свет пчол” з уласным музеем пчалярства – 15.

Вясной пчаляры сабралі нядрэнны ўраджай, а вось з-за надзвычайнай спякоты тыя гаспадаркі, дзе не пасеялі меданосныя травы, недабралі мёду. У выніку ў сярэднім на адну сям’ю атрымалі 7,6 кілаграма. Самы лепшы паказчык атрымання таварнага мёду сярод сельгаспрадпрыемстваў у ААТ “Агра-Дубінское”, дзе ў цэлым адпампавалі 375 кілаграмаў духмянай прадукцыі. У “Мядовай каралеве” сабралі 720 кілаграмаў. У гэтыя восенькія дні поўным ходам вядзецца рэалізацыя каштоўнага прадукту. Усе пчоласем’і падрыхтаваны да зімоўкі, апрацаваны ад хвароб.

Паспяхова вядзе выязны гандаль ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Калі жыхары райцэнтра прывыклі бачыць прадукцыю гэтага прадпрыемства на рынку і кірмашах, то мінчане толькі пачалі адкрываць для сябе якасны льняны алей вытворчасці нашага камбіната.

Пазіцыяніравала сябе прадпрыемства сёлета на абласных “Дажынках” у Мядзелі. А ўсе кастрычніцкія выхадныя гандлююць на кірмашы, што праходзіць на “Чыжоўка-арэне”. 6-7 кастрычніка выручка ад продажу льнянога алею, у тым ліку і тэхнічнага, ільнасемя і іншых тавараў склала 1900 рублёў, 13-14 кастрычніка – 1500 рублёў. Трэба адзначыць, што ў першы дзень гандлю ў сталіцы ўся прадукцыя разышлася за лічаныя гадзіны. Прыемна было прадстаўнікам калектыву чуць добрыя водгукі пра якасць сваёй прадукцыі і бачыць некаторых пакупнікоў на наступных кірмашах.

Некалькі разоў раённая газета пісала пра сям’ю Круцько з Вішнева, дзе засталіся без маці тры дзяўчынкі-школьніцы. Першай іх узяла пад апеку работніца сэрвіснага цэнтра ўчастка электрасувязі Галіна Чаславаўна Юша і разам са сваімі калегамі сабрала дзяўчынак у школу. Пасля публікацыі ў газеце знайшліся яшчэ нераўнадушныя людзі, якія дапамагаюць сям’і не толькі грашамі, але і патрэбнымі рэчамі, мэбляй.

Сапраўдную заклапочанасць праявіла сям’я Вольгі і Юрыя Адамовічаў з вёскі Бялякі, дзе таксама выхоўваюцца трое дзетак. Яны перадалі ў вішнеўскую сям’ю ложак, пісьмовы стол, камплекты бялізны, а таксама падрыхтавалі штору для кухні і карніз. Дзякуючы сям’і Алены Іванаўны Трасцянкі з Валожына, у доме з’явілася мікрахвалевая печка, на якую намерваліся збіраць грошы талакой, а ў старэйшай дзяўчынкі – прыгожая куртачка. Так што ў дабрачынцаў цяпер іншая задача: збіраць грошы на набыццё пральнай машыны альбо тэлевізара. Грошы ахвяравалі жанчына Валянціна, якая працуе ў санаторыі “Налібоцкая пушча”, – 20 рублёў, маладая маці Вольга Зуй з вёскі Суднікі, што знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, перадала 100 рублёў, яшчэ 20 рублёў перадаў Уладзімір Бітэль з вёскі Слайкоўшчына, ахвяравалі пэўныя сумы і іншыя людзі. На гэтыя грошы Г. Ч. Юша набыла шпалеры, фарбу і іншыя матэрыялы для рамонту. Галава сям’і з дапамогай суседзяў зрабіў рамонт у двух пакоях, зараз вядзе яго на кухне. Прыемна адзначаць, як усё ў гэтай сям’і мяняецца ў лепшы бок. А мы разлічваем, што шчодрых, нераўнадушных людзей стане больш, бо ў гэтай вясковай сям’і яшчэ шмат чаго не стае.

З пачатку навучальнага года ў раённым Цэнтры культуры па суботах праводзяцца тэматычныя танцавальна-забаўляльныя праграмы для падлеткаў 12+. У асноўным стаўка робіцца на рухавыя гульні, адраджаюцца і тыя, у якія гуляла старэйшае пакаленне.

За верасень-кастрычнік прайшлі пяць такіх падлеткавых мерапрыемстваў. А ўсяго з пачатку бягучага года – 22. Ініцыятар правядзення забаў для школьнікаў сярэдняга звяна – рэжысёр РЦК Уладзімір Ціханоўскі. Яму дапамагае дыджэй Аляксандр Бардылеў. Утварыўся касцяк пастаянных наведвальнікаў – чалавек 10 – з розных школ райцэнтра. Кожны раз хлопцы і дзяўчаты прыводзяць новых удзельнікаў з ліку сваіх сяброў і аднакласнікаў, якім цікава праводзіць час разам. Працягваюцца праграмы з 18 да 20 гадзін. Наспела таксама ідэя збіраць на танцавальныя праграмы з гульнямі і школьнікаў старэйшага ўзросту. Для іх у бліжэйшую суботу будзе наладжана дыскатэка “Музыка ў нашых сэрцах”.

Прочитано 140 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018