Новости Воложинского района

Пятница, 26 Октября 2018 09:00  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Школьнікі нарэшце прычакалі восеньскіх канікулаў. Пачнуцца яны з 29 кастрычніка і будуць доўжыцца па 7 лістапада ўключна. Непасрэдна з 29 кастрычніка і па 3 лістапада на базе 12 устаноў адукацыі раёна адкрыюцца лагеры з дзённым знаходжаннем. На аздараўленне выдаткавана 5670 рублёў дзяржаўных сродкаў.

Падчас канікулаў пройдуць аздараўленне 225 школьнікаў. Самыя вялікія лагеры будуць працаваць у Івянецкай СШ – 35 дзяцей, Ракаўскай СШ і СШ № 1 райцэнтра – па 30, СШ № 2 – 25 школьнікаў. Астатнія будуць наведваць ад 10 да 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. У дзень на адно дзіця дзяржава выдзеліла 4 рублі 20 капеек. Для вучняў 6-10 гадоў наведванне лагера бясплатнае, для старэйшых прадугледжана невялікая бацькоўская даплата. Апроч усяго – дзецям не давядзецца сумаваць, кожны дзень будзе насычаны цікавымі заняткамі і мерапрыемствамі.

У кастрычніку пачалася і працягнецца да 5 снежня штогадовая рэспубліканская акцыя “Клопат”. Яна прадугледжвае аказанне дапамогі адзінокім, пажылым, хворым людзям, інвалідам.

Раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа прымае ахвяраванні ад арганізацый розных форм уласнасці і насельніцтва. Усе сабраныя грашовыя сродкі і рэчы абавязкова знойдуць сваіх адрасатаў.

У рамках абласной школы фальклору ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці (кіраўнік К. С. Лямбовіч) прайшоў семінар-практыкум для кіраўнікоў фальклорных калектываў.

Семінар-практыкум праводзіўся на базе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Гасцінец” і яго адгалінавання – узорнага фальклорнага калектыву “Вянок”. Кіраўнік Л. С. Пятроўская расказала пра вытокі іх стварэння, традыцыйныя строі, выкарыстанне народных інструментаў, пошук рэпертуару, іншыя аспекты. Прысутныя прагледзелі кінавідэаматэрыялы і практычнае выступленне. Затым адбылося пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Сучасны стан і праблемы існавання фальклорных калектываў”.

На мінулым тыдні ў Валожыне працавала здымачная група Першага Нацыянальнага тэлеканала, якая здымае серыю фільмаў “Гарады Беларусі”.

У райцэнтры і наваколлях тэлежурналісты імкнуліся знайсці незвычайныя ракурсы, каб паказаць гістарычныя мясціны, адшукаць цікавыя сюжэты, новыя звесткі пра вядомых ураджэнцаў горада. Будзем цяпер уважліва сачыць за праграмай тэлеперадач.

16 кастрычніка 17 выхаванцам Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната і тром суправаджаючым пашчасціла пабываць на “Мінск-арэне” на чэмпіянаце КХЛ. Паездка стала магчымай, дзякуючы спонсару з Мінска.

У той дзень ігралі “Дынама” (Мінск) і “Дынама” (Масква). І хаця нашым хакеістам родныя сцены не дапамаглі і яны прайгралі матч з лікам 1:3, было цікава проста паглядзець хакей не па тэлевізары. Як у балельшчыкаў, у падлеткаў была бура эмоцый. Для паездкі ў сталіцу, акрамя аўтобуса дома-інтэрната, яшчэ адзін выдзеліў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Каля 40 удзельніц клубаў “Залатая восень” і “Лэдзі”, што дзейнічаюць пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на мінулым тыдні наведалі аграсядзібу “Налібоцкія васількі”. З яе гаспадарамі ў жанчын даўняя дружба.

В. В. Шакун правёў аматарак здаровага ладу жыцця па экалагічнай сцежцы, што адкрылася ў Налібоцкай пушчы, арганізаваў прэм’еру дакументальнай стужкі пра пушчу.

Гаспадары прытулку для бяздомных сабак, што адкрыты ў вёсцы Алешчаняты, Алена і Ігар Крэйнісы аб’явілі акцыю па бясплатнай стэрылізацыі і кастрацыі бадзяжных кошак і катоў.

Праз сацыяльныя сеткі яны звярнуліся да жыхароў Валожына, каб тыя дапамаглі адлавіць такіх жывёл. Асабліва пажадана было правесці стэрылізацыю кошак, якія жывуць на прадпрыемствах, ля воінскіх часцей, пры магазінах, у дварах шматпавярховых дамоў, каб не даваць ім прыводзіць патомства. Спецыяльна для акцыі былі закуплены 5 пераносак.

Можна падводзіць першыя вынікі. У кастрычніку стэрылізаваны 19 кошак і кастрыраваны 1 кот. У мікрараёне Сельгастэхніка актыўна дапамагала Святлана Брынчыкава, па вуліцы Партызанскай – Вераніка Курбаева, яна таксама прыглядала за жывёлай пасля аперацыі, па вуліцы Камсамольскай – Міраслава Анішчанка. Адазваліся Таццяна Тур з дачкой Настассяй, Вольга Юша, якія прынеслі корм, перавязачныя матэрыялы для прааперыраваных кошак. Мяркуецца, што будуць знойдзены сродкі, і акцыя працягнецца ў лістападзе.

Прочитано 102 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018