Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Гаспадаркі раёна прыступілі да ачысткі і дапрацоўкі насення яравых зерневых і зернебабовых сельскагаспадарчых раслін пад ураджай 2019 года.

Згодна з даведзеным заданнем, падрыхтаваць да веснавой сяўбы належыць 3405 тон насення. У кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць свае насеннеачышчальныя машыны.

У канцы кастрычніка на базе Вішнеўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа прайшоў семінар-практыкум музычных кіраўнікоў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі рознаўзроставых груп дзіцячых садоў.

Яго тэма – “Арганізацыя эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі і сям’і ў пытаннях выхавання і музычнага развіцця дзяцей”. Кіраўнік метадычнага аб’яднання – музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 райцэнтра Жанна Феліксаўна Мянцюк.

Выхавальніца Вішнеўскага ВПК В. С. Родзь правяла адкрытыя заняткі “Мы – таленты”, у якіх прынялі актыўны ўдзел і бацькі выхаванцаў. Па тэме семінара выступіла музычны кіраўнік ясляў-сада “Лесавічок” г. п. Івянец М. М. Цяшкевіч. Аб спецыфіцы правядзення музычных заняткаў у рознаўзроставых групах расказала музычны кіраўнік Пяршайскага ВПК Е. А. Макась. Падчас “педагагічнага моста” ўдзельнікі абмяняліся практычнымі парадамі, думкамі, выказалі свае заўвагі і меркаванні.

У аптэцы, якая знаходзіцца ў райцэнтры ля Дома быту, ужо некалькі месяцаў абсталявана месца, дзе кожны наведвальнік можа памераць сабе артэрыяльны ціск. У якасці рэкламнай акцыі фірма “Сэйсімед” выдзеліла ў бясплатнае карыстанне аўтаматычны танометр маркі “Omron”.

Таксама ўстаноўлена асобная вітрына з прадукцыяй дадзенай японскай фірмы: танометры, інгалятары, тэрмометры, глюкометры. Наведвальнікі могуць апробаваць танометр, а потым і набыць, як і іншую медтэхніку. Практычна кожны дзень некалькі чалавек скарыстоўваюць магчымасць памераць сабе ціск.

На апошнім пасяджэнні прафкама РУП “Валожынскі жылкамунгас” разглядаліся некалькі пытанняў. Адно з іх – набыццё абанементаў для наведвання басейна.

У лістападзе мяркуюць набыць да 50 абанементаў на чатыры наведванні басейна. Палову сумы аплоціць прафсаюз. Да гэтага часу, дарэчы, абанементы ў басейн не набываліся, гэта будзе пробны крок.

Насычаным быў мінулы месяц для псіхолага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алены Жданюк. Яна нядаўна вярнулася з Рыгі, дзе з 24 па 26 кастрычніка прымала ўдзел у міжнароднай сустрэчы і канферэнцыі, звязаных з супрацоўніцтвам недзяржаўных арганізацый з дзяржаўнымі ў праблемах людзей з інваліднасцю. А да гэтага правяла тыдзень у Капенгагене, дзе таксама збіраліся людзі, нераўнадушныя да аналагічных праблем.

У Рызе прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з Латвіі, Літвы, Беларусі, Расіі, Чэхіі, Даніі і іншых краін знаёміліся з вопытам супрацоўніцтва неўрадавых арганізацый з дзяржаўнымі, сацыяльнай палітыкай Латвіі, работай муніцыпалітэта Рыгі. А. Жданюк прадстаўляла нашу краіну яшчэ з адной дзяўчынай. У Капенгагене збіраліся актывісты праекта “Павестка-50”, у якім прымае ўдзел і наш раён. Госці наведалі Міністэрства сацыяльнай абароны і адукацыі, аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў у адным з населеных пунктаў, майстэрні, дзе запатрабавана праца інвалідаў. Шмат карыснага прывезла Алена дадому, што магчыма ўкараніць у нашым горадзе і раёне. Але галоўнае – нават не грашовыя выдаткі, хаця без іх цяжка вырашаць праблемы, а ініцыятыва жыхароў на месцах зрабіць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі больш камфортным і разнастайным.

27 кастрычніка ў спартыўнай зале ДЮСШ прайшло першынство раёна па міні-футболе сярод школьнікаў 2004-2005 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 каманд, дзве з якіх выставіў ФАЦ Валожынскага раёна.

Першае месца заняла каманда ФАЦ-1, другое і трэцяе – Багданаўскага ВПК і СШ № 2 райцэнтра. Камандзе-пераможцы ўручылі грашовы прыз. За лепшы гол турніру памятны кубак атрымаў Мікіта Юркевіч з гэтай каманды. Сярод удзельнікаў футбольных спаборніцтваў практычна не бывае каманд з сельскіх навучальных устаноў. Чаму? Некаторыя спасылаюцца на адсутнасць транспарту, каб даехаць у райцэнтр, у некаторых школах аддаюць прыярытэты іншым відам спорту. Хочацца думаць, што на самай справе хлопчыкі не перасталі ганяць футбольны мяч…

Прочитано 108 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018