Івянецкі музей традыцыйнай культуры: тут крочаць разам сучаснасць і гісторыя…

Пятница, 09 ноября 2018 15:30  |  Источник  Газета "Працоўная слава", Сяргей САДОЎСКІ

Першапачаткова ўстанова была адкрыта як мемарыяльны музей імя Ф. Э. Дзяржынскага 11 верасня 1957 года. А ўсё таму, што сядзіба Дзяржынава, дзе нарадзіўся «жалезны Фелікс», знаходзіцца ўсяго за 15 кіламетраў ад Івянца. Сучасная назва прысвоена ў 2006 годзе. Будынак з невялікай вежай, дзе размясціўся музей, калісьці належаў мясніку. Зараз пра былога ўладальніка нічога не нагадвае. Затое ёсць безліч іншага цікавага і захапляльнага.

Музей падзелены на некалькі экспазіцый. У першай – гісторыка-этнаграфічнай – сабраны рэдкія фотаздымкі, кнігі, дакументы, прадметы канца XIX-пачатку XX стст. Тут распавядаецца пра побыт і культуру мястэчка Івянец, яго знакамітых ураджэнцаў, народных музыкаў і настаўнікаў.

Мясцовая кераміка вядомая яшчэ з XVI стагоддзя. А сам Івянец называлі «сталіцай ганчарства». З гліны тут ляпілі нават арганныя трубы. Кафля з узорамі раз’язджалася ад Вільні, Варшавы да Санкт-Пецярбурга. Івянецкая кераміка бліскучая і «паласатая». Узор называецца «фляндроўка».

Рабілі і шыкоўныя рэчы, зусім не характэрныя для керамікі. Букетнікі ў выглядзе ствалоў дрэва, падсвечнікі, попельніцы. Два злучаныя паміж сабой збанкі – гэта «спарыш», каб насіць абед у поле, калі жніво або капалі бульбу. Ёсць нават керамічная маслабойка! Збаны самыя папулярныя. А вось гладышаў (гладкіх збаноў, якія бралі за рыльца) амаль няма. Старыя майстры-рамеснікі, смеючыся, казалі: «Гладышы рабілі там, дзе не ўмелі ручку прымацаваць. А што ж мы, ручку не прылепім?» Цікавы факт: у Якуба Коласа была калекцыя івянецкіх свістулек.

За залай керамікі – выстава работ Апалінарыя Пупко – народнага майстра, разьбяра па дрэве. Вобразы яго скульптур – героі паэм, казак і міфаў. Фасад свайго дома Пупко ўмацаваў драўлянымі карыятыдамі, якія захаваліся да гэтага часу. Ёсць у экспазіцыі і старадаўнія разьбяныя драўляныя фігуры.

У 1998 годзе створаны Цэнтр рамёстваў, у якім дзейнічаюць майстэрні “Ткацтва”, “Ганчарства”, “Кузня”, “Майстэрня па мастацкай апрацоўцы драўніны”, музейны аб’ект “Карчма”. У мастэрнях працуюць вопытныя майстры-метадысты, створаны ўмовы для творчасці, вывучэння асноў рамяства і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны. На базе Цэнтра рамёстваў, майстэрні якога месцяцца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу, праводзяцца свята-конкурс “Гліняны звон”, анімацыйнае прадстаўленне “Адвечны гонар – адвечнае каханне”, пленэр “Сонечная цеплыня дрэва”, адроджаны абрад “Вяселле”.

На сайце ўстановы imtk.museum.by можна знайсці шмат цікавай інфармацыі пра эксклюзіўныя праекты, якімі займаюцца работнікі сёння. Але, вядома ж, лепш наведаць музей і пабачыць яго экспанаты ўласнымі вачамі...

Прочитано 64 раз

Галерея изображений

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018