Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Гэтымі днямі сталі вядомы вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Архнавацыя”, які праводзіцца сярод школьнікаў.

Дыплома I ступені ўдастоена работа вучаніцы сярэдняй школы № 1 райцэнтра Крысціны Часноўскай. Дзяўчына наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Творчы калейдаскоп” у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, якое вядзе педагог дадатковай адукацыі Алена Іванаўна Собалева. Менавіта ў такім творчым тандэме і атрымалася архітэктурная навацыя, адзначаная на высокім узроўні.

Заўтра, 10 лістапада, на базе Палаца культуры Мінскага трактарнага завода адбудзецца канцэрт-прэзентацыя Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” з выступленнем лепшых аматарскіх калектываў – пераможцаў і ўдзельнікаў ранейшых фестываляў.

Наш раён на гэтым творчым мерапрыемстве будзе прадстаўляць інструментальны калектыў “Атава” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, якім кіруе Лізавета Пятроўская.

Многія вядомыя людзі ў розныя часы праславілі наш Ракаў. Сярод іх у немалой ступені і былы кантрабандыст, які пасля стаў вядомым польскім пісьменнікам, – Сяргей Пясецкі. Яго кнігі перакладзены на многія мовы свету, экранізаваны. А вось на беларускую мову раманы С. Пясецкага перакладзены, можна сказаць, зусім нядаўна.

Адна з перакладчыц жыве і працуе ў Ракаве. Галіна Андрэеўна Бянкевіч добра валодае польскай мовай, мае літаратурнае пачуццё слова. Яна пераклала на беларускую мову ўжо палову з 12-і раманаў пісьменніка. У сталічным выдавецтве “Рэгістр” зараз падрыхтаваны да выхаду ў свет два творы – адзін з самых вядомых раманаў “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” і “Багам ночы роўныя”. У гэтыя дні вядзецца апошняя вычытка. Дарэчы, “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” ўжо выдадзены на беларускай мове некалькі гадоў таму, толькі ў іншым перакладзе, над якім працавалі таксама ракаўчане – браты Язэп і Фэлікс Янушкевічы. А Галіна Андрэеўна цяпер працуе над раманам “Адам і Ева” – любімым творам унучкі пісьменніка Евы. Дарэчы, яго няма да гэтага часу ні на рускай, ні на беларускай мовах.

Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” райцэнтра круглы год у добрае надвор’е гуляюць на вуліцы. Для гэтага на тэрыторыі дашкольнай установы ёсць гульнявыя альтанкі з навесамі.

Дзякуючы спонсарскай дапамозе ААТ “ПМК-188”, для рамонту гульнявых навесаў перададзены абразныя дошкі, лагі. У жніўні-верасні сіламі самой установы там зроблены добры рамонт.

Наша газета неаднойчы пісала пра дапамогу, якую аказваюць спагадлівыя жыхары раёна мнагадзетнай сям’і Круцько з Вішнева. Ініцыятар гэтай добрай справы – жыхарка райцэнтра Галіна Чаславаўна Юша. Яна і працягвае наведвацца ў сям’ю практычна кожныя выхадныя.

На апошнія сабраныя грашовыя ахвяраванні закупілі плітку для столі на кухні, плінтусы, клей і сам бацька завяршае ўжо рамонтныя работы. Набылі таксама белую фарбу для вокнаў у двух пакоях. Галоўная пакупка – добры новы стул у дзіцячы пакой. Дарэчы, магчыма, у кагосьці з чытачоў ёсць непатрэбныя ўжо стуллі і зэдлікі, то яны не будуць лішнімі ў гэтай сям’і. Валожынскі ксёндз Генрык Акалатовіч перадаў у сям’ю некалькі абразкоў, сярод якіх “Святая сям’я”, а для сястрычак – тры асвячоныя нацельныя крыжыкі на скураных шнурочках. Па 20 рублёў ахвяравалі жыхаркі Валожына Марына Шокаль і Валянціна Бадрызлава, Дар’я Антонава перадала шмат адзення і цацак, Валянціна Сухадолец – куртачку і паліто. Каштоўны падарунак зрабіў жыхар Валожына Васіль Фёдаравіч Герман, і цяпер у сям’і ёсць уласны тэлевізар.

У мінулую суботу прайшло адкрытае першынство Валожына па гіравым спорце, на ўдзел у якім падалі заяўкі 14 чалавек. Яны былі размеркаваны па дзвюх падгрупах – да 80 кг і звыш 80 кг. Спаборніцтвы праводзіліся ў трэнажорнай зале ДЮСШ і складаліся з двух практыкаванняў – штуршок і рывок.

У падгрупе да 80 кілаграмаў першае месца заняў А. Садоўскі, другое і трэцяе – С. Варапай і А. Данік. У другой падгрупе тройка прызёраў размеркавалася наступным чынам: В. Шнітко, В. Сівы, Е. Вансовіч. Пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і грашовыя прызы.

Прочитано 165 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Всегда надо поступать по закону…»

05.12.2018
г.Борисов, прием граждан