Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Цэх па выпуску харчовага алею на ААТ “Валожынскі льнокамбінат” працуе кругласутачна. За змену тут выпускаюцца 600 кілаграмаў карыснага льнянога алею, які пастаўляюць на базу “Белзнешгандаль” і ў сетку магазінаў “Еўраопт”. Бяруць валожынскі алей на рэалізацыю і прыватныя камерсанты, але зусім невялікімі партыямі. Разбіраюць яго землякі ў якасці сувеніраў.

Сёлета ўпершыню вытворцы са сваёй прадукцыяй выязджалі ў выхадныя дні ў сталіцу: ім было выдзелена месца на “Чыжоўка-арэне”. Выязны гандаль праходзіў чатыры разы ў кастрычніку і адзін – у лістападзе. Ён прынёс у скарбонку прадпрыемства 6295 рублёў 54 капейкі. Больш за ўсё было рэалізавана насення лёну – 1659 упаковак па 0,5 кілаграма. Таксама вялікай папулярнасцю ў жыхароў сталіцы карыстаўся алей, якога было прададзена 1357 адзінак. У асартыменце былі таксама льняное тэхнічнае масла, макуха рыбалоўная, вырабы з ільняной тканіны.

У мінулую суботу ў Рэспубліканскім палацы дзяцей і моладзі ў Мінску прайшоў першы фестываль “Спяваем пра мора”, арганізаваны Беларускім саюзам ваенных маракоў. У ім прымалі ўдзел як прафесіянальныя музыканты, так і самадзейныя салісты, дуэты, ансамблі.

Паўдзельнічаць у фестывалі была запрошана і наша зямлячка – салістка Таццяна Бандарэнка, якая выканала песню В. Салаўёва-Сядова “Матроскія ночы”. У падарунак Таццяна атрымала кнігу ад марака-паэта Леаніда Краўчука, а таксама моцны творчы зарад, мора энергіі і пазітыву.

У раённым этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка” прынялі ўдзел работы, прадстаўленыя 15 установамі адукацыі. На вуліцы яшчэ восень, а школьнікі ўжо “марылі” пра Каляды і Новы год і свае мроі выплёсквалі ў творчых работах, выкананых у розных тэхніках і з розных матэрыялаў.

Творчымі, якаснымі, заснаванымі на культурных каштоўнасцях беларускага народа і асаблівасцях нацыянальнай культуры былі работы навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, Валожынскага і Івянецкага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Новыя тэхнікі ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аўтарскія знаходкі, беларускі каларыт адлюстравалі ў сваіх работах удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах гімназіі № 1 г. Валожына, СШ № 2 райцэнтра, Сівіцкага, Пяршайскага, Гародзькаўскага ВПК. Вынікі былі падведзены ў дзевяці намінацыях: “Зіма ў Беларусі”, “Калядная кампазіцыя”, “Калядная зорка”, “Арт-аб’ект”, “Ёлачная цацка”, “Навагодняя ялінка”, “Сувенір-падарунак”, “Навагодні персанаж”, “Зімовы спорт”. У некаторых намінацыях журы назвала да сямі работ-пераможцаў. Усе яны адпраўлены на абласны этап конкурсу.

На канале “Беларусь 24” прайшла перадача з цыкла “Гарады Беларусі”, прысвечаная Валожыну.

Аўтар – журналіст Дзяніс Ліпкін – за невялікі прамежак часу расказаў цікавыя гістарычныя факты пра наш горад і навакольныя мясціны, успомніў знакамітых людзей, якія ўслаўлялі валожынскі край. Дзякуючы сацыяльным сеткам, перадача набыла новае жыццё. Тэлесюжэт пра Валожын праглядзелі ўжо больш за 5 тысяч чалавек. Спатканне з малой радзімай асабліва прыемна выхадцам з Валожына, якія даўно жывуць у блізкім і далёкім замежжы і не маюць магчымасці часта бываць у Беларусі.

У гасцях у выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната ўпершыню пабывалі прадстаўнікі воінскай часці № 3214 унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

23 воіны-спецназаўцы прадэманстравалі выхаванцам свае трукі. Пасля ў канцэрце спявалі пад гітару, паказалі інсцэніроўку. Спачатку выступалі госці, а потым свае творчыя здольнасці паказалі самі выхаванцы, якім воіны апладзіравалі стоячы. Прывезлі вайскоўцы і салодкія пачастункі – торты, пячэнне. Такі візіт абаронцаў Айчыны арганізавала валанцёр Анжаліка Бойка.

18 лістапада 45 школьнікаў, якія вывучаюць польскую мову, і іх настаўнікі пабывалі на экскурсіі па Гродзеншчыне. Падарожжа, прымеркаванае да 220-годдзя з дня нараджэння А. Міцкевіча, арганізаваў раённы аддзел ГА “Польска Мацеж Школьна”.

У Навагрудку школьнікі наведалі музей Міцкевіча і ўбачылі месцы, звязаныя з яго імем. У праграме экскурсіі была яшчэ і Ліда. У Лідскім замку для валожынцаў арганізавалі гульню-квэст, якая завяршылася пачастункам з чаяпіццем.

Прочитано 153 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Всегда надо поступать по закону…»

05.12.2018
г.Борисов, прием граждан