Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З 3 па 9 снежня ва ўсіх установах адукацыі раёна ўпершыню праходзіў “Час кода”.

Мерапрыемства прайшло ў рамках Міжнароднага тыдня вывучэння інфарматыкі і ставіла сваёй мэтай павышэнне цікаўнасці вучняў да вывучэння інфарматыкі і праграмавання, папулярызацыю прафесіі праграміста. У кожнай школе былі распрацаваны самыя розныя мерапрыемствы для тых, хто вывучае такі прадмет, як інфарматыка, і нават для вучняў пачатковых класаў.

У гэтыя дні работнікі швейнага цэха Валожынскага Дома быту загружаны работай: шыюць вялікі заказ зімовых мужчынскіх куртак. Адзін кліент заказаў адразу 100 штук розных памераў.

Увогуле, мужчынскія курткі з плашчовай тканіны зараз самы хадавы тавар. Яны бойка рэалізуюцца і праз уласны магазін “Бытавічок”, размешчаны на першым паверсе Дома быту, і праз сетку комплексных прыёмных пунктаў, якіх у раёне налічваецца сем. Таксама ў продажы заўсёды ёсць пасцельная бялізна ўласнага пашыву, наматрацнікі, коўдры з сінтэпону і вацінавыя. Дарэчы, коўдры з ваціну карыстаюцца не меншым попытам, чым з сучасных штучных матэрыялаў.

На мінулым тыдні прайшоў сход спажывецкага кааператыва “Валожынскія гасцінцы”, на якім вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў.

Былі разгледжаны апошнія заявы жадаючых выйсці з саставу кааператыва. Увогуле, за бягучы год з 18 членаў кааператыў пакінулі 9 гаспадароў аграсядзіб, у тым ліку і былы яго старшыня – уладальнік аграсядзібы “Засценак Скрыплева” Васіль Грынь. Засталіся самыя стойкія, якія стаялі ля вытокаў стварэння кааператыва і ведаюць, чаго жадалі бачыць ад яго дзейнасці. Абмяркоўвалі бюджэт на наступны год, выраб і рэалізацыю сувенірнай прадукцыі з брэндам Валожынскага раёна і інш. Часова выконваючым абавязкі старшыні абраны гаспадар аграсядзібы “Марцінава Гусь” Алесь Белы.

Напрыканцы года ў Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў з’явіўся новы, вельмі патрэбны, інструмент. Нямецкі акардэон “Вельтмайстар” чорнага колеру коштам 6 тысяч рублёў быў набыты за бюджэтныя сродкі.

Дарэчы, у спецыялізаваным магазіне ў Мінску інструмент выбіралі самі, ён вельмі якасны, з добрым гучаннем. Цяпер на ім займаецца адна з лепшых вучаніц школы Ганна Бібік, будучая ўдзельніца конкурсаў.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне выдае напракат навагоднія касцюмы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Дарэчы, таксама маюцца тры камплекты касцюмаў Дзеда Мароза і Снягуркі. Пра набыццё касцюмаў патрэбна паклапаціцца загадзя.

Для дзяцей рознага ўзросту ў наяўнасці каля 100 самых разнастайных касцюмаў. Гэта не толькі традыцыйныя зайчыкі, мядзведзікі, вавёрачкі і лісічкі, прынцэсы ды Бураціна, піраты ды мушкецёры. Ёсць і сучасныя героі: Нінзі, Бэтмэны, Зора, Маквін, Чалавек-павук і іншыя.

6 снежня выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця сустракаліся з незвычайным чалавекам, чый лёс, магчыма, зменіць і іх уласныя. Упершыню ў гасцях у выхаванцаў пабываў бізнесмен Аляксей Талай.

…Сусветныя СМІ назвалі яго апошняй ахвярай апошняй вайны. Больш за паўстагоддзя праляжала ў зямлі неразарваная міна, якая падзяліла свет 16-гадовага хлопчыка Аляксея на “да” і “пасля”. Здарылася гэта 8 мая 1999 года. А. Талай застаўся без рук і ног, але не ўзлаваўся на ўвесь свет, а прымусіў сябе жыць у новых абставінах. Сёння ён паспяховы чалавек, бацька траіх дзяцей, мае ўласны бізнес і чорны пояс па каратэ. У яго ўласнай скарбонцы ўвогуле шмат дасягненняў у розных сферах жыцця. Сваім прыкладам ён даказвае, што няма нічога немагчымага. На сустрэчу з А. К. Талаем прыйшлі таксама вучні Івянецкай СШ, дзве маці з Валожына прывезлі сваіх дзяцей-інвалідаў. Адбылася прэзентацыя відэафільма пра А. Талая, ён сам выступіў перад вялікай аўдыторыяй. Выхаванцы дома-інтэрната паказалі разнажанравую канцэртную праграму. У сваю чаргу А. Талай пазнаёміўся з умовамі жыцця і вучобы выхаванцаў і даў ім высокую ацэнку. Сказаў, што інтэрнат можна назваць паказальным, а ён шмат дзе пабываў.

Прочитано 695 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Следить за порядком человек обязан…»

06.03.2019
г.Дзержинск, прием граждан