Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У нашым раёне зарэгістраваны 50 аграэкасядзіб. 9 новых аб’ектаў з’явіліся непасрэдна ў мінулым годзе. Некалькі гадоў таму быў створаны спажывецкі кааператыў “Валожынскія гасцінцы”, які прадастаўляе сваім гасцям вялікі спектр паслуг. Большасць аграсядзіб працуюць у цеснай суполцы.

На Усерасійскую выставу ў Маскве, што адбудзецца ў сакавіку, гаспадары валожынскіх аграэкасядзіб рыхтуюць спецыяльны стэнд, дзе раскажуць пра паслугі, якія прадастаўляюць пастаяльцам, і асабістыя “фішкі”. А ў красавіку гэтага года запланаваны ўдзел у выставе ў Польшчы. Сёння ў аграсядзібах створаны пяць музеяў: “Брама ў Налібокі”, коннай вупражы, музычных інструментаў, пчол, прылад для апрацоўкі зямлі. Пачата будаўніцтва цэнтра хлебнага рамяства. На аграсядзібе “Ганка” гасцям прапануюць 11 відаў хлеба. А неўзабаве будзе дзейнічаць праграма “Хлебнае рамяство для ўсіх”, дзе яны самі навучацца выпякаць хлеб і, наогул, прасочаць увесь працэс ад зярнятка да гатовага бохана.

У аддзяленні паштовай сувязі “Багданава” прайшла сустрэча насельніцтва з начальнікам Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Маладзечанскага РВПС Л. Л. Шаўрэй і прадстаўніком Мінскага філіяла РУП “Белпошта”.

Жыхароў пасёлка і навакольных вёсак праінфармавалі пра параўнальна новыя паслугі паштовай сувязі. Расказалі, як карыстацца паштовым Інтэрнэт-магазінам, самастойна заходзіць на сайт і рабіць заказы ці набываць неабходныя тавары па каталозе і афармляць заяўкі ў аддзяленні. Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што праз аддзяленне сувязі можна карыстацца паслугамі раённага камбіната бытавога абслугоўвання: у прыватнасці, здаваць бялізну ў пральню, абутак – у рамонт і інш. Усе прысутныя атрымалі невялікія сувеніры ў выглядзе каляндарыкаў на бягучы год і іншай друкаванай прадукцыі. Аналагічныя інфармацыйныя мерапрыемствы па прапагандзе паслуг будуць праводзіцца ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі.

15 студзеня ўзорны лялечны тэатр “Вандроўка” Івянецкага Дома культуры са спектаклем “Не жартуй з агнём!” выступіў перад выхаванцамі мясцовага дзіцячага садка “Лесавічок”.

Маленькім гледачам прыйшліся даспадобы Дамавік Кузя ў выкананні Дар’і Аляшэвіч, Мядзведзь у выкананні Ксеніі Бібік і Баба-Яга, ролю якой выконвала Паліна Закрэўская. Увогуле, у тэатры займаюцца вучні 7-10 класаў Івянецкай СШ. Большасць лялек на палках выкананы сіламі работнікаў Дома культуры. Гэты павучальны спектакль з’явіўся ў рэпертуары тэатра ў канцы мінулага года. А зараз кіраўнік Бажэна Алегаўна Нюшкова, якая сама, дарэчы, пачынала ў гэтым калектыве, працуе над новай пастаноўкай “Маша і Калабок”.

Мінскае абласное аддзяленне Таварыства Чырвонага Крыжа перадало раённаму аддзяленню 2631 адзінку разнастайных ёгуртаў, тваражкоў, малочных кактэйляў з рознымі напаўняльнікамі. Усяго паступіла 8 найменняў прадукцыі на суму 3873 рублі.

Рэалізавалі груз за некалькі дзён. Своеасаблівыя карысныя ласункі атрымалі ў першую чаргу мнагадзетныя, малазабяспечаныя і апякунскія сем’і, інваліды, адзінокія пенсіянеры. Значную дапамогу ў размеркаванні грузу аказалі пярвічныя арганізацыі Таварыства.

У нефармальнай абстаноўцы кіраўнік клуба “Лэдзі” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А. І. Барахоўская зрабіла перад членамі справаздачу за мінулы год. Летась рады клуба папоўніліся, і зараз ён налічвае 25 членаў.

Удзел у валанцёрскім руху прымаюць не толькі сама кіраўнік, але і Тамара Сяргееўна Макарэвіч, Зоя Цімафееўна Вайткевіч, Людміла Рыгораўна Мандрык, Галіна Іванаўна Канапелька, Галіна Сцяпанаўна Аксіневіч, Людміла Паўлаўна Станкевіч. Актыўна ўдзельнічаюць “лэдзі” ў дабрачынных акцыях, што праводзіліся ў Валожыне. Наведвалі гарадскія мерапрыемствы: тройчы пабывалі на выставах народных майстроў у “Скарбніцы” і столькі ж – у раённай бібліятэцы, не абмінаюць і краязнаўчы музей, прэм’ерныя паказы ў кінатэатры “Юнацтва”. Актыўна прапагандуюць здаровы лад жыцця: займаюцца фітнесам, пілатэсам, ЛФК і скандынаўскай хадзьбой, наведваюць басейн і ВІП-саўну. Два разы выязджалі ў аграсадзібу “Налібоцкія васількі”. Пабывалі на экскурсіях у Івянцы, Дзержынова, Лідзе, Гродне і Аўгустоўскім канале, Нясвіжы. У планах на бягучы год – пабываць у маёнтку “Сула”, у Батанічным садзе ў Мінску, музеі Вялікай Айчыннай вайны, планетарыі. У “вялікай сям’і” разам адзначаюць дні нараджэння, праведваюць хворых у бальніцы, проста цікава і змястоўна арганізуюць свой вольны час. Актыўнасці, энергіі і аптымізму жанчынам не пазычаць!

Прочитано 357 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников