Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Пяты год дзейнічае ў краіне праграма па паляпшэнні дэмаграфічнага становішча, калі сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця, налічваецца сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША.

У студзені па рашэнні райвыканкама права на сямейны капітал атрымалі чатыры сям’і, у кожнай з якіх нарадзілася па трэцяму дзіцяці. Гэта сям’я жыхаркі вёскі Ганчары Валожынскага сельсавета Наталлі Валер’еўны Урбановіч, а таксама сем’і жыхарак аграгарадка Пяршаі Вольгі Алегаўны Чарнухінай, вёскі Дубіна-Юрздыцкая Яніны Аляксандраўны Чаенкі і Ганны Міхайлаўны Тамашэвіч з аграгарадка Ракаў. Адначасова ў раёне стала больш роўна на чатыры мнагадзетныя сям’і.

У сярэдзіне студзеня ў Налібоцкай пушчы шчыравалі дакументалісты, што здымалі сюжэт пра пушчу, яе праблемы і перспектывы.

Тэлевізіёншчыкі пабывалі ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”, дзе свае меркаванні пра будучыню пушчы выказаў дырэктар В. У. Гуркоў і адначасова адзначыў тыя напрамкі, над якімі працуе персанал заказніка. Таксама сустрэліся з нешматлікімі жыхарамі, што жывуць у пушчанскіх вёсках.

З 21 студзеня ў райцэнтры стартаваў сацыяльны праект “Худзеем разам”, які распачалі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і раённая бальніца. Ён разлічаны на тры месяцы.

Для ўдзелу ў праекце адабраны 10 чалавек з масай цела ад 90-100 кілаграмаў. Самай маладой удзельніцы на дадзены момант 28 гадоў. Усе жадаючыя скінуць лішнюю вагу падзелены на дзве групы. Трэніроўкі праводзяцца 3-4 разы на тыдзень. Садзейнічаць пахудзенню будуць не толькі правільныя фізічныя нагрузкі на трэніроўках пад наглядам інструктараў, але і лекцыі спецыялістаў па правільным харчаванні, медыцынскія абследаванні.

Госцем выхаванцаў і выкладчыкаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў 25 студзеня стаў піяніст з гаворачым прозвішчам – Аляксандр Музыкантаў.

А. Музыкантаў з 2001 года вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ён з’яўляецца педагогам кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, салістам Белдзяржфілармоніі. Летась музыкант быў членам журы міжрэгіянальнага конкурсу імя М. Грушвіцкага, што праводзіцца на базе Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У праграме, з якой Аляксандр Музыкантаў выступіў у Валожыне, прагучалі творы розных стыляў і эпох.

У мінулую суботу больш за дваццаць аматараў тэатра з райцэнтра пабывалі ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне. Палову групы складалі ўдзельніцы клуба “Лэдзі” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Валожынскія тэатралы паглядзелі новы спектакль у тэатральным рэпертуары “Каханне. Сабака. Кропка. RU” па п’есе Лявона Агулянскага, прэм’ера якога адбылася 24 лістапада 2018 года. Дарэчы, акрамя спектакля, зусім выпадкова яны аказаліся яшчэ і ўдзельнікамі віншавальнага мерапрыемства. А віншавалі выканаўцу галоўнай ролі ў спектаклі Сяргея Карзея з нагоды 60-гадовага юбілею. Юбіляру ўручалі прыгожыя букеты кветак і граматы, гаварылі шчырыя словы, а калегі падрыхтавалі гумарыстычнае віншаванне.

19 студзеня на Вілейскім вадасховішчы прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы на мармышку. У спаборніцтвах удзельнічалі пяць каманд, у якія ўваходзілі па тры рыбаловы.

За каманду нашага аддзела Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў выступалі Валерый Доваль, Віктар Турскі і Сяргей Іода. Багатым уловам не змог у той дзень пахваліцца ні адзін з удзельнікаў. Аднак па выніках спаборніцтваў валожынцы занялі трэцяе месца.

26 студзеня ў спартыўнай зале гімназіі прайшлі спаборніцтвы па баскетболе сярод юнакоў 2002 года нараджэння і старэйшых, прысвечаныя гадавіне ўтварэння Валожынскага раёна і Мінскай вобласці.

У спаборніцтвах удзельнічалі 8 каманд, большасць – з Валожына, а яшчэ з Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Першае месца заняла каманда гімназіі № 1, другое і трэцяе – каманды фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і гімназія-2. Тройка мацнейшых адзначана дыпломамі і грашовымі прызамі.

Прочитано 225 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Системные проблемы мы отследили…»

17.04.2019
г.Минск, прием граждан