Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На базе СШ № 2 райцэнтра прайшоў Адзіны дзень прафарыентацыі “Шляхі атрымання прафесіянальнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Перад больш чым 120 вучнямі 9 і 11 класаў навучальных устаноў раёна выступілі прадстаўнікі Ваеннай акадэміі, Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, Валожынскага прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя, а таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі. Кожная ўстанова прадстаўляла мультымедыйную прэзентацыю, ролікі, якія яскрава адлюстроўвалі вучэбны працэс і бытавыя ўмовы пражывання курсантаў, студэнтаў і навучэнцаў. Цікавым было тэматычнае выступленне агітбрыгады Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, што ажывіла мерапрыемства. Навучальныя ўстановы запрасілі школьнікаў раёна на Дні адкрытых дзвярэй, ім раздалі буклеты, плакаты і іншую нагляднасць, адказалі на пытанні, якія з’явіліся падчас сустрэчы.

За мінулы месяц у райвыканкаме зарэгістраваны 15 новых індывідуальных прадпрымальнікаў.

Жыхары раёна пажадалі займацца грузаперавозкамі ці гандлем. Чамусьці ў прыярытэце толькі гэтыя віды дзейнасці, хаця ў раёне, на мой погляд, дастаткова і іншых свабодных ніш, дзе можна прыкласці намаганні і развіваць сваю дзейнасць. За гэты ж час 6 індывідуальных прадпрымальнікаў спынілі сваю дзейнасць. Юрыдычных асоб з пачатку года не зарэгістравана ўвогуле.

ТАА “Зляніс”, якое мае юрыдычны адрас у Валожыне, узяло ў арэнду памяшканні на аптова-гандлёвай базе райспажыўтаварыства.

З новага года там адкрыўся цэх па вырабе паўфабрыкатаў з гародніны. Працаўладкаваны 10 чалавек, пяць з якіх пакуль што аформлены на паўстаўкі. Цэх працуе без выхадных. Бульбу ў вакуумнай упакоўцы пастаўляюць на прадпрыемствы грамадскага харчавання Мінска. У бліжэйшых планах гатаваць паўфабрыкаты з морквы, буракоў, цыбулі.

Фонд раённай бібліятэкі папоўнілі 36 экзэмпляраў кніг сельскагаспадарчай тэматыкі.

Унітарнае прадпрыемства “ІВЦ Мінфіна” папоўніла галіновы фонд бібліятэкі даведачнай літаратурай, вучэбнымі дапаможнікамі па ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, эканоміцы і кіраванні, электратэхніцы. Новая літаратура надзвычай актуальная для бібліятэкі.

Усе аддзяленні паштовай сувязі раёна нароўні з аказаннем паштовых паслуг шмат гадоў запар займаюцца гандлем: прапануюць сваім кліентам тавары паўсядзённага попыту. Гандляроў сёння развялося шмат, і вытрымліваць канкурэнцыю нялёгка.

Аднымі з першых паштовыя аддзяленні пачалі гандляваць насеннем гародніны і кветак. І, дарэчы, яно пакуль што самае таннае сярод шматлікага багацця, што прапануюць іншыя крамы райцэнтра. Упадабалі пакупнікі і патэльні, блінніцы, жароўні, каструлі, якія выпускае фірма “Вікторыя” ў Лунінцы Брэсцкай вобласці. З пачатку года завезлі ўжо трэцюю партыю іх прадукцыі. Задавольваюць якасць і кошт. Пад заяўку патэнцыяльных пакупнікоў завозяць і буйную электрабытавую тэхніку – газавыя пліты, халадзільнікі, тэлевізары. У аддзяленнях паштовай сувязі можна заказаць і цяпліцы. Добра рэалізуюцца прамысловыя тавары і тавары паўсядзённага попыту ў Івянцы, Сівіцы, Гародзьках, стараюцца павялічваць месячныя паказчыкі і работнікі іншых сельскіх падраздзяленняў.

Раённы турнір па рускіх шашках сярод дзяцей і падлеткаў быў прымеркаваны да гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У ім прынялі ўдзел 8 дзяўчат і 8 хлопцаў з СШ № 2 райцэнтра, Багданаўскага, Вішнеўскага, Гародзькаўскага, Пугачоўскага ВПК і Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя.

Сярод дзяўчат перамогу святкавала навучэнка ліцэя Лізавета Ляошка, другое і трэцяе месцы занялі Дзіяна Бабровіч з Пугачоўскага ВПК і Яна Бяляева з Гародзькаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Руслан Бурак з Багданаўскага ВПК стаў лепшым сярод юнакоў. На другім і трэцім месцах прадстаўнікі Пугачоўскага і Вішнеўскага ВПК Арцём Раманчык і Дзяніс Шыдлоўскі. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прызамі.

Прочитано 350 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Следить за порядком человек обязан…»

06.03.2019
г.Дзержинск, прием граждан