Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Кіраўніцтва РУП “Белпошта” прыняло рашэнне аб пашырэнні і паляпшэнні спектра сваіх паслуг, даступнасці іх усім катэгорыям грамадзян. Для гэтага ў аддзяленнях паштовай сувязі будуць устаноўлены кнопкі выкліку персаналу.

У нашым раёне, напрыклад, у рамках праекта “Валожын без бар’ераў” гарадское аддзяленне паштовай сувязі і Івянецкае абсталяваны пандусамі, а ў сельскія аддзяленні інвалідам, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам, падымацца праблематычна. Цяпер на дапамогу такім людзям прыйдзе кнопка выкліку персаналу. І ўжо самі работнікі аддзялення выйдуць насустрач інваліду і дапамогуць вырашыць усе яго пытанні. Такія кнопкі закуплены для ўсіх 17 аддзяленняў паштовай сувязі раёна. Устаноўлены яны ўжо ў Багданаўскім, Адамоўскім, Ракаўскім, Дубінскім аддзяленнях.

15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея правялі мультымедыйную прэзентацыю “Гісторыя стварэння пашпарта” для калектыву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Адначасова яны пазнаёмілі прысутных з Канстытуцыямі Беларусі. Першая з іх была створана ў 1919 годзе, а ў нашы дні дзейнічае ўжо пятая па ліку Канстытуцыя і першая ў гісторыі Незалежнай краіны.

Раённы Цэнтр культуры закупіў тканіну для пашыву 10 касцюмаў з нацыянальным каларытам для ўдзельнікаў узорнага харэаграфічнага калектыву “Раніца”.

Эскізы будучых касцюмаў распрацавалі самі культработнікі. А гатовы яны будуць якраз да важнага моманту ў жыцці юных танцораў, калі давядзецца пацвярджаць перад прадстаўнічай камісіяй найменне “ўзорны”. Такі экзамен усе творчыя калектывы з найменнямі “ўзорны” і “народны” праходзяць раз у тры гады. Сёлета ён намечаны на канец сакавіка.

На працягу навучальнага года праходзіць круглагадовая спартакіяда школьнікаў раёна, якая ўключае ў сваёй праграме 6 абавязковых відаў спорту і 12 – па выбары.

12-13 сакавіка на базе ФАКа прайшлі спаборніцтвы па гандболе, у якіх прынялі ўдзел 4 каманды. Гэты від спорту фактычна толькі пачынае набываць у раёне сваю папулярнасць. Піянерамі тут з’яўляюцца івянецкія школьнікі, што першымі далучыліся да гандболу. Яны і занялі першае месца ў спаборніцтвах. Астатнія месцы размеркаваліся наступным чынам: каманды Пяршайскай сярэдняй школы-сада, гімназіі № 1 і Суднікаўскай СШ. Дарэчы, каманда гімназіі ў спаборніцтвах па гандболе прымала ўдзел у першы раз.

У сакавіку перад вучнямі і настаўнікамі Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў выступаў лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Белдзяржфілармоніі баяніст Уладзіслаў Плігаўка.

Яго праграма была разлічана менавіта на слухачоў школьнага ўзросту. Звычайна салісты Белдзяржфілармоніі выступаюць у школе кожны квартал, іх канцэрты і разважанні пра музыку, расказы пра шлях у мастацтва становяцца для выхаванцаў школы стымулам для заняткаў.

Не так даўно ў газеце “Веснік Мінскаблгаза” з’явіўся матэрыял “Хобі – як адлюстраванне ўласнага “я”. У ім аператар пятага разраду аўтагазазаправачнай станцыі Валожынскага раёна газазабеспячэння Вера Сяргееўна Махіна прадстала зусім у іншай якасці.

У вольны ад работы час жанчына займаецца бісерапляценнем. З-пад яе рук выходзяць прыгожыя кветкі, букеты, арыгінальныя дрэвы, а таксама вышываныя бісерам карціны. В. С. Махіна працуе ў калектыве з 2008 года, аднак далёка не многія калегі ведалі раней пра яе захапленне і ўмелыя рукі.

З 8 па 10 сакавіка ў Барысаве праходзілі Алімпійскія дні моладзі Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2002 года нараджэння і маладзейшых. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 14 каманд.

Каманда нашага раёна заняла другое месца. У фінале выхаванцы трэнера Л. У. Хвядчэні змагаліся са сваімі равеснікамі з Барысава. На гэты раз фартуна была на баку гаспадароў пляцоўкі.

Прочитано 615 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Больше вопросов должны решать местные власти…»

21.05.2019
Солигорский райисполком, прием граждан