Беларусь памятае

Напярэдадні вайны дзевятнаццацігадовы юнак з Магільна Уздзенскага раена разам з іншымі навучэнцамі Мінскага дарожна-механічнага тэхнікума прыехаў на будаўніцтва аэрадрома ў Дзятлаўскі раён (Гродзеншчына). На гэты ж аэрадром неўзабаве пасыпаліся бомбы з фашысцкіх самалётаў. Пачалася эвакуацыя, Мікалай разам з сябрамі-камсамольцамі стаў прабірацца на ўсход. Можна было б падчас прыпынку цягніка ў Коласаве заскочыць хоць на некалькі гадзін у родную вёску. Але тагачаснае патрыятычнае выхаванне не дазволіла парушыць дысцыпліну ваеннага часу. Трапіў нарэшце ва Узду. Даведаўшыся, што райваенкамат выехаў у сталіцу, стаў дабірацца туды, каб уліцца ў рады мсціўцаў. Аднак і там расчараванне: ужо і Мінск бамбяць. З дваццаці сяброў-навучэнцаў, што выязджалі з Дзятлаўскага раёна, далей шлях працягвалі сямера. І толькі ў Смаленску змаглі далучыцца да нашага вайсковага падраздзялення.

Пасля кароткатэрміновых курсаў радыстаў ў складзе Заходняга фронта баявое крышчэнне М. Цыбульскі прыняў пры абароне Масквы. На некалькі месяцаў вывела яго са строю першае раненне. Затым былі курсы малодшых камандзіраў, і ўжо ў званні старшага сяржанта ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на Арлоўска-Курскай дузе. Ды зноў не пашанцавала – чарговае раненне на чатыры месяцы прыкавала яго да бальнічнага ложка. Потым баі па вызваленні Ленінграда, адважны сувязіст наладжваў зносіны камандавання з перадавымі часцямі нашай арміі на тэрыторыі Усходняй Прусіі, Польшчы, Германіі. А закончыўся вызваленчы паход на Захад у Берліне. Пашчасціла яму свой подпіс на рэйхстагу пакінуць.

У родныя мясціны вярнуўся Мікалай Канстанцінавіч у 1946 годзе. Як асаблівая рэліквія доўгі час у сям’і Цыбульскіх захоўваўся камсамольскі білет воіна, у якім на працягу 1941-1945 гадоў штомесячна, без адзінага перапынку, ручкай ці звычайным алоўкам рабіліся адзнакі аб уплаце членскіх узносаў. Смеласць і адвага Мікалая Цыбульскага адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх нагрудны знак “Выдатны сувязіст”, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі” (дзве), “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені і іншыя. У пасляваенны час да іх дабавіліся яшчэ адзнакі за добрасумленную працу.

Цяжкія раненні падарвалі здароўе. У Магільна ён прыехаў інвалідам першай групы. Доўгі час пра гэта нагадваў такі факт з яго біяграфіі. Кандыдатам у члены партыі Мікалай Канстанцінавіч стаў у пачатку 1945 года, а вось білет камуніста атрымаў толькі праз пяць гадоў. Кіраўніцтва партарганізацыі, райкама КПБ меркавала, што не будзе вялікай карысці ад партыйца з такім здароўем.

Аднак былы воін з годнасцю вытрымаў і такое выпрабаванне, паступова стаў вяртацца да мірнай працы. Спачатку яму прапанавалі “лёгкую” работу – бухгалтарам у школе, потым выконваў абавязкі загадчыка гаспадаркі, настаўніка працы. На першым часе для школы вырабляў з вучнямі табурэткі, лаўкі, іншыя простыя рэчы, затым і ў дамашняй гаспадарцы падобныя навыкі спатрэбіліся. Дзівіліся родзічы, суседзі на вырабленыя рукамі былога франтавіка крэслы, сталы, шафкі.

З жонкай Лідзіяй Міхайлаўнай, з сямейства Лычоў, паставілі на ногі двух сыноў, дачку. Сын Мікалай звыш 20 гадоў аддаў вайсковай службе, Таццяна з’яўляецца загадчыцай кафедры ў Акадэміі музыкі, а Леанід - першакласны калгасны спецыяліст - на пенсіі.. Дзеці і унукі ганарацца Мікалаем-старэйшым і захоўваюць светлую памяць пра бацьку і дзеда - ўдзельніка Вялікай Айчыннай.

Прочитано 189 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/39454-belarus-pamyatae#sigProGalleria7601fb633e

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Больше вопросов должны решать местные власти…»

21.05.2019
Солигорский райисполком, прием граждан