Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Падчас вясенніх канікулаў у раёне пачалі працаваць аздараўленчыя лагеры на базе 13 устаноў адукацыі. Іх наведваюць 220 вучняў. На аздараўленне выдаткавана 5544 рублі, па 4,20 на аднаго школьніка ў дзень. Для вучняў 6-10 гадоў бацькоўская даплата не спатрэбілася.

Лагерная змена пачалася 25 сакавіка і працягнецца па 30 сакавіка. Больш за ўсё школьнікаў наведваюць лагер у Івянецкай СШ – 35 чалавек, на базе Ракаўскай СШ – 30, СШ № 2 і гімназіі № 1 – па 25. Вялікая ўвага надаецца прафарыентацыйнай рабоце – у Вішнеўскім лагеры, гімназіі і СШ № 2. У лагерах Ракаўскай, Сакаўшчынскай, Пугачоўскай, Суднікаўскай СШ і Сівіцкай базавай школы ўхіл зроблены на здаровы лад жыцця, у Пяршайскай СШ рэалізуецца эколага-краязнаўчы праект.

З 18 сакавіка Дні Мінскай вобласці праходзілі ў кітайскім горадзе Чунцыне. Гэта быў візіт у адказ: у 2018 годзе на Міншчыне прайшлі Дні культуры і турызму з удзелам прадстаўнікоў гэтага кітайскага горада.

У дэлегацыю нашай вобласці ўваходзілі таксама народныя ўмельцы: ганчар, лыжкар і ткачыха паясоў. Раён прадстаўляла дырэктар Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Хрысціна Лямбовіч. З сабой Хрысціна ўзяла свае работы – паясы, якія тчэ на ніту, акрамя таго, яна праводзіла майстар-клас. 22 сакавіка дэлегацыя Міншчыны прымала ўдзел у бізнес-форуме. Адным з пытанняў, што там абмяркоўваліся, была перспектыва развіцця турыстычных адносін паміж рэгіёнамі Мінскай вобласці і Чунцынем.

Сем школьнікаў раёна вясеннія канікулы праводзяць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Лагерныя змены пачаліся 21 і 22 сакавіка.

На змене “Зялёная школа. Далучайся!” сваю імянную работу прадстаўляе сямікласніца Вішнеўскага ВПК Анжаліка Сафрановіч. А ў санаторна-аздараўленчым атрадзе адпачывае васьмікласніца Ксенія Загорская. На змене “Адкрыты свет”, якая сабрала юных удзельнікаў валанцёрскага руху з усіх куткоў Беларусі, знаходзяцца васьмікласнікі гімназіі № 1 г. Валожына Цімафей Патапчанка і Юлія Саевіч, вучань 8 класа СШ № 1 райцэнтра Вадзім Жамоздзік. У рамках гэтай змены з 23 па 31 сакавіка праходзіць збор юных талентаў Беларусі. Вучаніца 9 класа гімназіі Лізавета Шакун запрошана да ўдзелу ў рэспубліканскім паэтычным конкурсе. А дзесяцікласніца Ракаўскай СШ Вераніка Дзянісік прыме ўдзел у III этапе алімпіяды па хіміі.

15 сакавіка ў мінскім Палацы моладзі прайшлі галіновыя гульні “Што? Дзе? Калі?”, якія сабралі 16 каманд лясной гаспадаркі вобласці.

Не першы год сваю каманду выстаўляў і наш лясгас. Каманда сфарміравана з адукаваных маладых людзей. Капітан – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Мікеня. У склад увайшлі эканаміст Надзея Стасяловіч, інжынер па кадрах Таццяна Трунова, паляўніцтвазнавец Павел Садоўскі, праграміст Аляксей Садоўскі і юрыст Вячаслаў Белановіч (самы новы чалавек у камандзе). На гэты раз каманда згуляла вельмі моцна, усяго некалькі балаў не хапіла ім да прызавога месца, у выніку – чацвёртае. Наперад валожынскія знаўцы прапусцілі каманду Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Другое і трэцяе месцы занялі каманды канцэрна БелБумПрам і Бараўлянскага спецлясгаса.

15-16 сакавіка ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці прайшлі гульні IV тура дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі, у якіх бралі ўдзел чатыры каманды.

Гэта былі даволі моцныя каманды: ЦАР “Вікторыя” з Брэста, “Цмокі” Мінск, ДСЮШАР № 7 “Прынёманне” з Гродна і фізкультурна-аздараўленчага цэнтра з Валожына. На гэты раз нашы баскетбалісты задаволіліся другім месцам, прапусціўшы наперад каманду “Цмокі”. Трэцяе месца заняла каманда “Прынёманне”.

Каля 20-і жыхароў райцэнтра 20 сакавіка пабывалі на экскурсіі ў вядомым Мірскім замку і ў Нясвіжы, дзе азнаёміліся са славутасцямі гэтага горада, самай прыцягальнай з якіх з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль.

На адваротным шяху экскурсанты наведалі “Сядзібу пана Мар’яна” непадалёк ад Івянца. Пра нашага земляка, што збірае старадаўнія побытавыя рэчы, пісала раённая газета, таму было грэх не скарыстаць такую магчымасць, каб убачыць сядзібу. Паездку арганізавала аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”.

Прочитано 118 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Системные проблемы мы отследили…»

17.04.2019
г.Минск, прием граждан