Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

За першы квартал бягучага года сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША назначаны ў раёне 8-і жанчынам. Летась за такі ж перыяд 11 жанчын-маці атрымалі права на яго налічэнне.

У канцы сакавіка было прынята рашэнне райвыканкама аб назначэнні сямейнага капіталу Анжэле Юр’еўне Мешкуць з Івянца, якая нарадзіла трэцяе дзіця. Лічбы сведчаць, што цікаўнасць маладых бацькоў да такога дзяржаўнага заахвочвання відавочна пайшла на спад.

За першыя тры месяцы планавыя курсы павышэння кваліфікацыі прайшлі 15 урачоў і 15 сярэдніх медыцынскіх работнікаў райбальніцы.

Малады спецыяліст урач агульнай практыкі Таццяна Аляксандраўна Цаюн прайшла перападрыхтоўку на ўрача медыцынскай рэабілітацыі, будзе цяпер займацца функцыянальнай дыягностыкай. Урач дэрматавенеролаг Алена Станіславаўна Пусянкова прайшла перападрыхтоўку па касметалогіі. Сярод медыцынскіх сясцёр адна з іх, што раней працавала ў аддзяленні “Хуткай дапамогі”, прайшла перанавучанне на заняткі лячэбным масажам.

У сакавіку раённае падраздзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў арганізавала для паляўнічых з Расіі два туры палявання на гуся.

Сярод паляўнічых былі прадстаўнікі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Чарапаўца. Усяго пажадалі прыняць удзел у паляванні 5 чалавек. Першая група адстраляла 29 гусей, другая – 17. Прыехалі расіяне на паляванне на ўласных аўтамабілях, у адных ён нават размаляваны быў тэматычна – гусямі. Адна група адразу павезла трафеі дадому, а другая паехала ўздагон за пералётнай птушкай – на Віцебшчыну. Пражывалі госці з Расіі на аграсядзібе “Налібоцкія васількі”, дзе мелі магчымасць даведацца цікавыя звесткі пра Налібоцкую пушчу і гісторыю нашага раёна.

Вясеннія школьныя канікулы кожны год супадаюць з Тыднем дзіцячай і юнацкай кнігі, які праводзіцца яшчэ з савецкіх часоў. Таму прыбаўляецца работы ў школьных бібліятэкараў.

Не стаў выключэннем і Івянецкі дом-інтэрнат. У адзін з дзён выхаванцы, якія наведваюць тэатральны гурток, паказалі інсцэніроўку вядомай казкі “Церамок”, для якой падрыхтавалі і цікавыя дэкарацыі. На працягу некалькіх канікулярных дзён да дзяцей прыязджалі валанцёры з рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Блага твары”, што вадзілі іх на прыроду, праводзілі майстар-класы па вырабе сувенірнай біжутэрыі. На спартыўнай пляцоўцы ў двары дома-інтэрната выхавальнікі агранізавалі спартландыю. Некаторыя вучні разам з выхавальнікам В. А. Сабалеўскім пабывалі ў мясцовым музеі традыцыйнай культуры. А ў сваім музеі прымалі гасцей з Суднікаўскай СШ. Экскурсіі па чатырох яго залах правялі экскурсаводы Андрэй Кавалёў, Надея Міцэвіч, Алена Лысенка і Аляксандр Будылін.

Каля сарака выхаванцаў дзвюх старэйшых груп дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” наведалі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Выхаванцы тэатральнага аб’яднання “Светлячок” пад кіраўніцтвам Святланы Міхайлаўны Кірасіравай паказалі гасцям казку “Люстэрачка”. А потым усе з задавальненнем прымалі ўдзел у танцавальна-забаўляльнай праграме.

28 сакавіка ў РЦК адбыўся канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Камерата”.

Сярод гледачоў былі ў асноўным работнікі дзіцячых школ мастацтваў раёна, работнікі культуры. У выкананні ансамбля прагучалі як класічныя творы, так і джазавыя, эстрадныя, розных кампазітараў.

У юбілейны тур Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, прысвечаны яго 50-годдзю, увайшлі многія гарады Беларусі.

5 красавіка старэйшы беларускі ансамбль будзе прымаць наш Валожын. У праграму “Праз гады, праз пакаленні” музыканты ўключылі свае залатыя хіты і новыя творы. Дарэчы, старажылы горада могуць успомніць выступленне “Песняроў” яшчэ пад кіраўніцтвам У. Мулявіна на адным са святкаванняў Дня горада. Але гэта было вельмі даўно…

А ў Івянецкім Доме культуры на 30 красавіка запланаваны канцэрт экс-саліста некалі надзвычай папулярнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Синяя птица” Аляксандра Звяровіча і яго музыкантаў з хітамі 70-80-х гадоў.

Прочитано 94 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Системные проблемы мы отследили…»

17.04.2019
г.Минск, прием граждан