У Слуцку прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў

У гэтым годзе элементамі безбар’ернага асяроддзя на Случчыне плануюць абсталяваць сем аб’ектаў, запланавана ўладкаванне пандуса каля гарадскога Дома культуры: пытанням забеспячэння безбар’ернага асяроддзя было прысвечана выязное пасяджэнне прэзідыума савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў у Слуцку.

Лепш раз убачыць…

Удзельнікі пасяджэння наведалі УП «Ямпаль-Слуцк» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дзе пазнаёміліся з умовамі працы, элементамі безбар’ернага асяроддзя для людзей з праблемамі зроку. На прадпрыемстве выкарыстоўваюць спецыяльную гукавую сістэму апавяшчэння, яркія жоўтыя абазначэнні на дзвярах і сценах, якія дазваляюць арыентавацца слабавідушчым, памяшканні і калідоры аснашчаны поручнямі, размешчаны шыльды і аб’явы са шрыфтам Брайля. Працаўнікі прадпрыемства карыстаюцца спецыяльнымі камп’ютарнымі праграмамі, якія дапамагаюць у працоўнай дзейнасці, самастойна рабіць пакупкі, знаёміцца з таварам, у рашэнні іншых бытавых пытанняў.

Работнікі УП «Ямпаль-Слуцк»  адзначылі, што ў Слуцку робіцца нямала для сацыяльнай адаптацыі інвалідаў па зроку, аднак на некаторых прыпынках аўтатранспарту ў горадзе шыльды з раскладам руху аўтобусаў размешчаны высакавата, слабавідушчым іх не прачытаць, прагучала пажаданне, каб на гарадскіх аўтобусах нумарацыя, надпісы маршрутаў на шыльдах былі большымі.

Удзельнікі пасяджэння наведалі аўтавакзал Слуцкага філіяла «Аўтобусны парк №2» ААТ «Мінаблаўтатранс», дзе таксама ёсць элементы безбар’ернага асяроддзя, у тым ліку поручні для інвалідаў, 14 аўтобусаў гарадскіх маршрутаў абсталяваны пандусамі для інвалідаў-калясачнікаў.

Што зроблена

Як адзначыў на пленарным пасяджэнні старшыня Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі, фарміраванне безбар’ернага асяроддзя адна з актуальных задач, рашэнне якой патрабуе не толькі сродкаў, але і большай зацікаўленасці, новых падыходаў, наватарства. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама Віталій Іванавіч Бойка праінфармаваў, як спраўляюцца з гэтай задачай на Случчыне. Мерапрыемствы праводзяцца ў рамках дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016 – 2020 гады і яе падпраграмы «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». У Слуцкім раёне 7 249 інвалідаў, у тым ліку 443 інваліды-калясачнікі. У 2016 – 2018 гадах на Случчыне элементы безбар’ернага асяроддзя былі створаны на 32 аб’ектах (ва ўстановах аховы здароўя, на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у жылфондзе) пры запланаваных 24. У мінулым годзе набыты 3 аўтобусы для гарадскіх перавозак, абсталяваныя для інвалідаў усіх катэгорый.

Аб’екты агульнага карыстання ў Слуцку ў асноўным абсталяваны элементамі безбар’ернага асяроддзя. У горадзе ўстаноўлены светлафоры з сінхронным гукавым апавяшчэннем, 43 гарадскія і прыгарадныя прыпынкі аўтатранспарту прыстасаваны для руху інвалідаў розных катэгорый. Слуцкай ЖКГ выкананы работы па ўладкаванні тратуараў на вуліцах Уласаўца, Барысаўца, Чэхава ў Слуцку з улікам пажаданняў інвалідаў па зроку і інвалідаў-калясачнікаў. Абсталяваны месцы для паркоўкі спецаўтамабіляў інвалідаў каля будынка райвыканкама і іншае.

На гэты год запланавана ўладкаванне элементаў безбар’ернага асяроддзя ў Вясейскай урачэбнай амбулаторыі, Лядненскай бальніцы сястрынскага догляду, СШ №13, Слуцкай СДЮШАР, Слуцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, будынку райвыканкама, аб’екце гандлю ТАА «Санта Рытэйл». Частка гэтых работ ужо выканана. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўладкаванне пандуса каля будынка гарадскога Дома культуры, на гэтыя мэты выдаткавана 22 тысячы рублёў.

Арганізавана забеспячэнне інвалідаў тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Кампенсаваны затраты на набыццё спецыялізаванага абсталявання прадпрыемству «Ямпаль-Слуцк» для стварэння 7 працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў у суме 548,5 тысячы рублёў, сёлета будуць створаны 3 працоўныя месцы для інвалідаў.

Праблемнае пытанне

Абсталяванне пад’ёмнікамі для інвалідаў-калясачнікаў шматпавярховых дамоў – адно з праблемных пытанняў. Як адзначыў Віталій Іванавіч Бойка, у шматкватэрных жылых дамах на Случчыне пражываюць 193 інваліды-калясачнікі: у 132 дамах неабходна ўстанавіць пад’ёмнікі для даступнасці лесвічнага марша першага паверха і ў 79 дамах – пандусы каля пад’ездаў. Прыблізны кошт праектна-каштарыснай дакументацыі і аднаго пад’ёмніка – 40 тысяч рублёў, пандуса – 2 тысячы рублёў. Відавочна, што адначасова рашыць гэту праблему не прадстаўляецца магчымым. На жаль, і новыя дамы не заўсёды абсталяваны элементамі безбар’ернага асяроддзя. Забудоўшчыкам неабходна ўлічваць гэта пры праектаванні жылля, кошт павялічыцца нязначна, жыццё людзей, прыкаваных да інвалідных крэслаў будзе аблегчана.

Вялікую рознапланавую работу па сацыяльнай адаптацыі інвалідаў праводзіць Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пра некаторыя напрамкі гэтай работы праінфармавала дырэктар установы Інэса Міхайлаўна Панамарова.

Валанцёрскі рух і не толькі

Як было падкрэслена на пасяджэнні, інвалідам, пажылым людзям патрэбна не толькі практычная дапамога, але і маральная падтрымка, увага, далучэнне да актыўнага жыцця, каб чалавек не адчуваў сябе незапатрабаваным, пакінутым. Пра работу Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў з пажылымі случчанамі, у тым ліку адзінока пражываючымі, інвалідамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, расказала старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Сцяпанаўна Відлога. Сацыяльная служба раёна, ветэранская арганізацыя штогод праводзяць абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча пажылых случчан, ім аказваецца матэрыяльная і іншая дапамога. Сумесна са Слуцкім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзілася двухгадовая акцыя ўшанавання ветэранаў «Доўгажыхары». У гэтым годзе раённая ветэранская арганізацыя ініцыявала акцыю «Павіншуем ветэрана».

На рахунку слуцкіх ветэранаў яшчэ нямала карысных акцый, спраў, мерапрыемстваў. Слуцкая ветэранская арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскім руху «Ветэран ветэрану». Па рашэнні праблем пажылых случчан, далучэнні да грамадскага жыцця працуе ў цесным узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады, з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старастамі вёсак, раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, удзельнікамі валанцёрскага руху БРСМ «Добрае сэрца», іншымі арганізацыямі і ўстановамі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел начальнік упраўлення сацыяльных устаноў і матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама В.М. Тадароўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М.П. Варабей, іншыя прадстаўнікі райвыканкама, устаноў Случчыны. Удзельнікі пасяджэння наведалі музей РУП «Слуцкія паясы».

Прочитано 987 раз

Галерея изображений

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Такие учёбы крайне необходимы - это своего рода подведение итогов за определённый промежуток времени…»

12.09.2019
Пуховичский район, сбор по территориальной обороне