Гартаючы ўспаміны Р.А.Паркалавай

Калі іншы раз пры абмеркаванні статуса пажылых людзей пры размове вызначаецца слова “абарыген”, “старажыл” у мяне з’яўляецца ўражанне нейкай патаемнай, нязведанай сутнасці гэтага чалавека.

І хаця я сама прыналежу да першых  “падснежнікаў” пасляваеннага перыяду, але ж у людзей, якія разменьваюць апошні дзесятак  цэлага стагоддзя, думаецца, архіўныя данныя памяці захавалі  найбольш цікавы пласт пражытых імі гадоў. З гэтай мэтай я і паехала на сустрэчу  з 92-гадовай  жанчынай, яшчэ вельмі рухавай, зайдроснай на яе гады памяццю Раісы Аляксандраўны Паркалавай у Лучны Мост, які апендыксам крута направа скіроўваўся дзесьці ў 500м. ад цэнтральнай вуліцы  самой вёскі Сяліба. Прынамсі, чамусьці гэтае месца з 9 хатамі называлі яшчэ паселішчам Барысы, бо тут пражывалі ў большасці  сваёй жыхары  па прозвішчу Барысевічы. А ўвогуле, як ўспамінае сама Раіса Аляксандраўна, палавіна вёскі Сяліба была да вайны яўрэйскай. Яўрэі між сабой гаварылі на яўрэйскай мове, хаця добра ведалі  і рускую, але говар іх быў на рускай мове з акцэнтам. “Тата мой, - гартае старонку гісторыі Раіса Аляксандраўна – размаўляў на ідыш, я таксама  і алфавіт, і пісаць, і гаварыць умела, як іншыя  нашы сяльчане. Цяпер, праўда, усё забылася. У вёсцы была яўрэйская школа, але пасля яе закрылі, а таксама дзве сінагогі, прыгожыя цагляныя будынкі. Адна яшчэ да вайны  стала клубам, другая – хлебапякарняй. У мястэчку не было ні аднаго  яўрэя, які б не ведаў рамясла. Усё умелі. Да вайны яўрэі былі  шаўцамі, швачкамі, печнікамі, старызнікамі. Таму не было праблем з адзеннем ці абуткам. А якія прыгожыя боцікі, чаравікі шылі на высокім абцасе Хайка Рубінчык, Гіршык. А нямы Арця з жонкай  Гітай шылі вельмі  добрыя штаны. Швачкі прыходзілі  на дом да кожнага з машынкай і  лапілі- перашывалі адзенне. А печы, якія  складвалі яўрэі ў суседзяў да гэтага часу  служаць.  Элентуа Барыс і Ханін былі пячнікамі. Ісер чысціў  дымаходы, яго дом і цяпер стаіць. Гілька прынімаў скуру, Зусь Вол  трымаў воўначоску, Мотка Рубінчык трымаў у сваім доме аптэку. Ва ўсіх былі добрыя агароды, але былі, як багатыя, так і бедныя яўрэі.  У 1921 г. быў арганізаваны яўрэйскі калгас  “Ардус”, але перад вайной  яго аб’ядналі  з калгасам імя Калініна. У калгас пайшлі не толькі яўрэі, але і пасялковыя. Многія займаліся гаспадаркай, трымалі кароў, свіней. Сала, свініну, заднюю частку цяляці, каровы яўрэі не елі. Толькі на продаж. Такое мірнае спакойнае жыццё бытавала не толькі ў яўрэскім асяроддзі, іх, між іншым, ніхто не дзяліў і не чужаўся, усе былі разам, хадзілі адзін да аднаго ў госці, на дні нараджэння, яўрэі вельмі добра умелі гатаваць, варыць варэнне, печ мацу, з яе гатавалі вельмі смачныя блюды. Сваё дзяцінства ў многадзетнай сям’і калгаснікаў Раіса Аляксандраўна памятае перш за ўсё  пастухом гусей. Брату Мікалаю даводзілася  больш вартаваць вылет пчаліных раёў і біць трывогу старэйшым, каб той не пайшоў у лёт. Займаўся пчалаводствам у асноўным дзед, а пасля гэтага перадалося і брату Мікалаю.  Больш памятным знакам  дзяцінства  было захапленне дзяўчынкі ад ігры  бацькавых братоў Івана, Косціка, Мікалая на скрыпцы, цымбалах, кларнеце.

Пераняў гэтае чарговае хобі ігры на скрыпцы ад дзяцькоў толькі брат Мікалай – будучы Прэзідэнт  Акадэміі навук.Галоўным матэрыяльным  мацункам сям’і  Барысевічаў быў  даход ад сельскай гаспадаркі і зямлі:  таўклі ў ступе зярно грэчкі, проса, церлі канаплю, пяклі самі хлеб, трымалі карову, свіней, гусей. Гэта дапамагала выжываць і нават вучыцца. Мікалай да вайны скончыў  10 кл., Раіса - 8. І тут вайна. Усе жахі, звязаныя з  бамбёжкамі, расстрэламі, здзекамі -  не дай Бог бачыць і ўспамінаць. Асабліва зверствавалі  мясцовыя паліцаі над маладымі яўрэйскімі дзяўчатамі і хлопцамі. Бацькоў Раісы Аляксандраўны і 8 чалавек сваякоў  таксама былі арыштавалі  за сувязь з партызанамі. Ім павязло, што пераводчык быў свой, звязаны з партызанамі і ў час дапроса  ён пераводзіў зусім іншае, штот гаварыў  паліцай. Гэта іх і выратавала. Мясцовая моладзь  збірала зброю і перадавала  партызанам, а на яўрэйскай борухавай паравой мельніцы малолі зярно і патаемна вазілі муку  ва Усакінскія лясы для партызан. Пражытыя гады пад акупацыяй чорнай адмецінай праляглі праз усё маладое  жыццё Раісы Аляксандраўны. Але жыццё працягвалася  і трэба было планаваць сваё будучае. У Беразіно адкрыліся 1,5 месячныя курсы настаўнікаў і Раіса Аляксандраўна без роздуму паступіла спачатку туды, пасля ў Барысаўскае педвучылішча на завочнае аддзяленне, бо на трохгадзічную стацыянарную вучобу не было сродкаў. Ды і аднакласнік сялібскай школы паклікаў замуж. З  4-ых дзетак засталося ў жывых толькі  2-ое сыноў. А праз 25 год сумеснага жыцця трагічна загінуў муж, і Раіса Аляксандраўна пакідае працу настаўніцай пачатковых класаў, выходзіць на льготную пенсію, а сваё прымяненне яна знаходзіць у ролі загадчыцы зернетокам калгаса. Працавала, пакуль магла, пакуль былі сілы. Цяпер ад паселішча Барысы нічога і нікога не засталося. Адна суседка- вось і ўвесь мір зносін. Кардынальна змяніўся склад насельніцтва ў Сялібе. З яўрэяў не засталося ні аднаго. Большасць з іх загінула ў вайну, невялікая горстка застаўшыхся ў жывых з’ехала за мяжу. Яе таксама просяць сыны ехаць да іх, але яна вагаецца: лепш і цяплей, чым  у сваім гнязде, ёй нідзе не будзе. Адзіная сувязь з мірам - гэта тэлефон ды сацыяльны работнік. І кожныя выхадныя – сыны ў хаце.  Усё гэта супакойвае і абнадзейвае ў заўтрашнім дне.

Прочитано 200 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников