Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Прыемная навіна прыйшла ў Валожын. Нарэшце і ў нас з’явілася стобальніца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Максімальныя 100 балаў па беларускай мове набрала выпускніца гімназіі № 1 г. Валожына, выдатніца Вікторыя Пашкоўская. Сама дзяўчына даведалася пра гэта вечарам 10 ліпеня. Вікторыя здавала тэсціраванне ў БДУ, у рэзервовы дзень – у суботу 6 ліпеня. Шчыра віншуем і саму стобальніцу, і яе бацькоў, і гімназію! Жадаем, каб гэтыя высокія балы дапамаглі ёй паступіць у тую вышэйшую навучальную ўстанову, пра якую марыць.

З 5 па 8 ліпеня дэлегацыя нашага раёна на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовічам прымала ўдзел у святкаваннях Влацлавекскага павета Польшчы.

З горадам Влацлавек у Валожына апошнім часам наладжваюцца культурныя стасункі. І гэта паездка павінна стаць падставай для наступнага кроку па ўмацаванні супрацоўніцтва на культурнай ніве нашых рэгіёнаў. Валожынцаў цёпла і гасцінна прымалі на польскай зямлі, пазнаёмілі са звычаямі, культурай і мастацтвам краю, з яго багатай гісторыяй.

20 тысяч рублёў мэтанакіравана выдаткавана сёлета напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на рамонт мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна” ў аграгарадку Доры. Вялі работы прадстаўнікі Валожынскага жылкамунгаса.

За амаль трыццаць гадоў існавання мемарыяла ніколі не рамантавалася лесвіца. Цяпер там цалкам заменена на больш сучасную плітка. Абноўлены дзве тумбы для вянкоў. Канчаткова завершацца работы да 23 ліпеня, калі ў чарговы раз на гэтым месцы пройдзе мітынг-успамін ахвяр, што былі спалены жывымі ў праваслаўным храме падчас карнай аперацыі.

Больш за 10 перасоўных фотапастак мае ў сваім распараджэнні Валожынскі лясгас. Месцы іх устаноўкі пастаянна мяняюцца, і гэта дае відавочны плён. Парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства прад’яўляюць дакументальныя пацвярджэнні іх дзеянняў.

Аднак нягледзячы на пастаянныя адміністрацыйныя пакаранні, усё роўна знаходзяцца тыя, хто вывозіць у лес смецце. Фотапастка ў раёне вёскі Яцкава за адзін месяц прыкладна 40 разоў зафіксавала мясцовага жыхара, які выкідваў у лясным масіве смецце. Па сукупнасці супрацьпраўных дзеянняў яго чакае вялікі штраф. Матэрыялы ўжо накіраваны ў суд.

З 1 ліпеня ў раёне стала на адну бібліятэчную ўстанову менш: закрылася Манькаўшчынская бібліятэка, якая размяшчалася ў прыстасаваным памяшканні з пячным ацяпленнем. І цяпер сельскіх жыхароў абслугоўваюць 11 стацыянарных бібліятэк.

Адначасова па раёне курсіруе бібліёбус, які дастаўляе ў сельскія населеныя пункты кнігі і перыядычныя выданні. За першае паўгоддзе работнікі аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі даставілі бібліёбусам сваім сельскім чытачам 400 экземпляраў кніг, газет і часопісаў. Дарэчы, ужо складзены графік для наведвання і вёскі Манькаўшчына. А даволі багаты кніжны фонд Манькаўшчынскай бібліятэкі – каля 4-х тысяч экземпляраў – размеркаваны паміж іншымі бібліятэкамі.

Два разы на месяц цырульнікі жаночай і мужчынскай залаў валожынскага Дома быту згодна з графікам выязджаюць на раён для абслугоўвання сельскіх жыхароў.

Заўсёды хапае жадаючых пастрыгчыся ў аграгарадках Суднікі, Гародзькі, Пяршаі. А вось жыхарам пасёлка Багданаў пашчасціла больш. Некалькі месяцаў таму ў іх на комплексным прыёмным пункце з’явіўся ўласны цырульнік, які працуе на 0,25 стаўкі па аўторках і пятніцах.

ДЮСШ Валожынскага раёна набыла за ўласныя сродкі два электрамабілі коштам 1100 рублёў.

Квадрацыкл і машына ўпершыню прайшлі апрабацыю на Свяце горада. Нягледзячы на вялікую колькасць канкурэнтаў, імі карысталіся 60 чалавек. Цяпер не трэба чакаць свят ці выхадных: у любы дзень бацькі могуць падарыць сваім малым такое задавальненне. На тэрыторыі ДЮСШ для язды на электрамабілях дастаткова месца.

Прочитано 327 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Направление работы, которое выбрано в области по устранению проблем, правильное…»

16.10.2019
г.Логойск, приём граждан