Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З 15 красавіка бягучага года Івянецкі дом-інтэрнат памяняў свой статус. Цяпер установа называецца “Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця”.

Аднак гэта не толькі змена шыльды, але і звыклага ўкладу жыцця. Да 50 ранейшых выхаванцаў паступова дабавяцца 30 маладых інвалідаў, пражываць тут будуць да 31 года. У першую чаргу будуць заставацца жыць свае выхаванцы пасля заканчэння школы. А таксама –прыязджаць маладыя інваліды па пуцёўках камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама. Арганізаваць іх жыццё павінны работнікі ўстановы. У дадзены момант вядуцца рамонт і падрыхтоўка жылых блокаў для будучых навасёлаў. Адзін чалавек у гэтыя летнія дні знаходзіцца ў доме-інтэрнаце на сацыяльнай ператрымцы.

У дзяржаўнай установе адукацыі “Валожынскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі” з 24 чэрвеня новы кіраўнік. На пасаду дырэктара прызначана Алеся Шпілеўская.

У свой час Алеся Уладзіміраўна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці “Дэфекталогія (лагапедыя), педагогіка і методыка навучання адукацыі”. Пачынала працаваць настаўнікам-дэфектолагам у дзіцячай дашкольнай установе Мінска, затым – ва ўстановах адукацыі нашага горада і раёна. Апошняе месца работы – настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 2 “Вясёлка”.

Два разы ў месяц у розных працоўных калектывах горада і грамадскіх месцах праводзіцца акцыя “Даведайся свой ціск”. Кожны чалавек можа памераць артэрыяльны ціск, каб разлічыць сардэчна-сасудзістую рызыку. Медработнікі вызначаць фактары рызыкі. Праводзіцца дадзеная акцыя з мэтай ранняга выяўлення пацыентаў, схільных да павышанага ціску, і накіравання іх у лячэбныя ўстановы.

З пачатку года работнікі райпаліклінікі пабывалі ў калектывах Дома быту, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, праводзілі акцыю на першым паверсе ўнівермага і на Еўраопце, у іншых месцах. На мінулым тыдні ўрач-тэрапеўт Віктар Хаткевіч мераў ціск і даваў парады кліентам першага гарадскога аддзялення паштовай сувязі. Наведвальнікаў у той час было шмат. Скарысталі магчымасць даведацца пра ціск і самі работнікі аддзялення.

Да канца жніўня ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры праходзіць выстава “Шкло савецкага часу”.

У яе экспазіцыі прадстаўлены шкляныя побытавыя вырабы з музейных фондаў, а таксама з сервантаў некаторых івянчан. Гэта цукерачніцы, кілішкі, розных форм і памераў графіны, лямпы, іншы шкляны посуд. Большасць цяперашніх экспанатаў раней прысутнічалі на ганаровых месцах у секцыях кожнага дома. На выставе асобна прадстаўлены рэшткі посуду налібоцкага шкла 16-18 стагоддзяў з калекцыі В. Мазуры. Некалі шкляная гута Радзівілаў, размешчаная ў Налібаках, славілася на ўвесь свет. З цікавасцю з новай выставай знаёмяцца не толькі экскурсанты, але і жыхары пасёлка. Дарэчы, маршруты некаторых мінскіх і маладзечанскіх турфірм пралягаюць праз Івянец.

За першае паўгоддзе фонды Валожынскай дзіцячай бібліятэкі папоўніліся 127-ю экзэмплярамі кніг.

Гэта не толькі новыя паступленні. 79 экзэмпляраў кніг, сярод якіх праграмная літаратура і сучасныя жаночыя раманы, перададзены з нядаўна закрытай Манькаўшчынскай сельскай бібліятэкі.

Незвычайнае мерапрыемства – гадзіна-ўспамін “Гартаючы старонкі кнігі Казіміра Камейшы “Ад Кромані да Свіцязі” – прайшло не так даўно ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

У кнізе прозы, выдадзенай у 2013 годзе, паэт успамінае пра свае сустрэчы са слыннымі івянецкімі жыхарамі – ганчарамі Францам Целяшэўскім, Антонам Пракаповічам, разьбяром па дрэве Апалінарыем Пупко. На сустрэчу былі запрошаны родныя гэтых людзей. Прыйшлі тры дачкі са сваімі сем’ямі, якім было цікава пачуць успаміны і падзяліцца сваімі. Супрацоўнікі музея чыталі вершы пра Івянец. Дэманстраваліся старыя фотаздымкі пасёлка, аўтарскія работы віноўнікаў мерапрыемства. Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай.

Прочитано 137 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников