Новости Воложинского района

У сярэдзіне ліпеня завяршылася мадэрнізацыя лініі “Вальтэр” па вытворчасці абразных піламатэрыялаў на вытворча-майстроўскім участку “Клім” Валожынскага лясгаса. Падпісаны акт уводу яе ў эксплуатацыю.

Устаноўка набыта праз лізінг-рэсурс. Маральна састарэлая, адпрацаваўшая свой рэсурс лінія заменена на больш сучасную. У новай лініі замкнёны цыкл: ідуць у работу апілкі, гарбыль перапрацоўваецца на шчэпку, што дае дадатковы даход. Павысілася і прадукцыйнасць працы. Новая лінія ўжо ўключана ў работу.

Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвейераў на транспарце акажа дабрачыннае бязвыплатнае садзейнічанне ва ўстаноўцы памятнага знака ў вёсцы Кіявец Пяршайскага сельсавета каля царквы святой жываначальнай Тройцы. Устаноўка знака ў гонар знакамітых продкаў прымеркавана да Года малой радзімы.

Ініцыятарам устаноўкі такога незвычайнага знака стаў мясцовы жыхар Уладзімір Капуста. Распрацаваны эскіз узгоднены з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі Беларусі і Міністэрствам культуры рэспублікі. Лік Багародзіцы з дзіцем будзе адліты ў бронзе і замацаваны на вялікім камяні. Мяркуецца, што работы па ўстаноўцы завершацца да верасня.

На першым паверсе гімназіі № 1 г. Валожына завяршаецца абсталяванне стаматалагічнага кабінета.

Усе будаўнічыя матэрыялы для рамонтных работ прадаставіла ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. На гэтыя мэты выдаткавана каля 1000 рублёў. А непасрэдна рамонтам займаецца будаўнічая брыгада райбальніцы. У кабінет падведзена вада, пакладзена плітка на сцены і падлогу. Там будзе падвясная столь. Медыцынская ўстанова забяспечыць кабінет стаматалагічнай устаноўкай і іншым абсталяваннем.

У апошнія дні ліпеня дарожныя работы праводзіліся на вуліцы Школьнай у Сугваздах. Працавала спецыялізаваная тэхніка ДРБУ-167.

На ўчастку дарогі ад Вільнюскай трасы і праз усе Сугвазды, што складае прыкладна каля 5-ці кіламетраў, раней было пакладзена асфальтавае пакрыццё. Цяпер жа праведзена яго паверхневая апрацоўка – пакладзены ахоўны слой у 5-10 міліметраў. Спецыяльная машына працавала ў нядзелю, 28 ліпеня, паколькі патрэбна было сухое сонечнае надвор’е, а напярэдадні ў суботу ішоў дождж. Таксама на дадзеным участку будуць зроблены заніжаныя абочыны, што прыдасць дарозе больш прыстойны выгляд. Гэта не першая дарога, дзе кладзецца ахоўны слой.

Сёлета ў прафсаюзных арганізацыях раёна праходзяць справаздачна-выбарныя сходы. На дадзены момант яны адбыліся ўжо ў 76 пярвічных прафсаюзных арганізацыях.

У многіх працоўных калектывах з’явіліся новыя прафсаюзныя лідары. На змену аднаму са старэйшых старшынь Аляксандру Сцяпанавічу Бяляўскаму ў жылкамунгасе прыйшоў Леанід Вікенцьевіч Садоўскі. Больш за дваццаць гадоў узначальвала прафсаюзную арганізацыю Валожынскага вузла электрасувязі Жанна Барысаўна Жамоздзік, яе змяніў Дзмітрый Уладзіміравіч Савіцкі, які працуе вядучым інжынерам лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў. Райкам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму замест Наталлі Паўлаўны Лоўчай цяпер узначальвае юрыст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анжэла Аляксандраўна Тышкевіч. Прафсаюзы райспажыўтаварыства і лясгаса таксама ўзначалілі новыя старшыні – Ірына Іванаўна Мураўская і Надзея Аляксандраўна Стасяловіч.

На 1 ліпеня бягучага года па праграме “Мадэрнізацыя” ў Валожыне і гарадскім пасёлку Івянец спецыялісты Валожынскага вытворча-збытавога ўчастка “Энергазбыт” устанавілі 2330 электронных электралічыльнікаў. Таксама ўстаноўлены 861 электронны аднафазавы лічыльнік.

На новую форму аплаты за электрычнасць – па трох тарыфах – пакуль што пажадалі перайсці ўсяго 2 абаненты.

Пяць івянецкіх скаўтаў з 25 ліпеня па 3 жніўня знаходзяцца ў Італіі, дзе прымаюць удзел у традыцыйным агульнаеўрапейскім злёце прадстаўнікоў скаўцкага руху.

 

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Прочитано 321 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Направление работы, которое выбрано в области по устранению проблем, правильное…»

16.10.2019
г.Логойск, приём граждан