Новости Воложинского района

З 1 жніўня начальнікам вытворчага ўчастка КУП “Валожынскі жылкамунгас” у Івянцы прызначаны Мікалай Анатольевіч БАЛАХОВІЧ.

М. А. Балаховіч нарадзіўся ў 1973 годзе. Скончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум. Апошняе месца работы да прызначэння на новую пасаду – Мядзельскі жылкамунгас.

З 2 па 4 жніўня ў Балгарыі прайшоў арт-фестываль “Нэсція”, у якім прымалі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна.

Першае месца ў трэцяй узроставай групе заваявала вакальная група “Іслачанка” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Юлія Скурко). Першае месца ў чацвёртай узроставай групе ў намінацыі “Вакальнае мастацтва” прысуджана маладому спецыялісту, работніку Івянецкага Дома культуры Марыі Вайткевіч. Віншуем нашых землякоў з перамогай на міжнародным узроўні!

У суботу 24 жніўня Івянец у шосты раз прыме абласное свята-конкурс “Гліняны звон”. Першае свята прайшло ў гарпасёлку ў 1998 годзе, апошняе – у 2016. Праходзіў “Гліняны звон” таксама ў Любані, Лагойску, іншых гарадах вобласці. Пераможцы будуць вызначаны ў 18 намінацыях.

На мінулым тыдні ў Івянцы адбылася рабочая нарада аргкамітэта па правядзенні свята. Вызначана месца правядзення – тэрыторыя сядзібна-паркавага комплексу Драгунцавых на вуліцы Прамысловай. У вялікай канцэртнай праграме для ўдзельнікаў і гасцей прымуць удзел творчыя сілы не толькі нашага раёна, але і суседніх. Для юных івянчан будуць працаваць разнастайныя атракцыёны. Вызначаны і тыя арганізацыі, што павінны забяспечыць выязны гандаль.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” – самы вядомы і тытулаваны калектыў нашага раёна. Самадзейныя артысты шмат гастралююць па рэспубліцы і далёка за межамі краіны, дзе прадстаўляюць беларускую народную спадчыну.

Між тым, ракаўскія артысты ніколі не адмаўляюцца прыняць удзел у раённых святах. Таму і касцюмы ў калектыву павінны абнаўляцца, адпавядаць узроўню іх майстэрства. У раённым бюджэце для гэтага знаходзяць сродкі. Не так даўно прыгожыя шакаладнага колеру чаравічкі для жаночай часткі гурта і чорныя мужчынскія боты з натуральнай скуры вырабіў майстар з Гродна. Набыта тканіна для пашыву новых касцюмаў. Вызначаны майстрыхі, якія возьмуцца за гэту справу, а таксама вышывальшчыцы, якія аздобяць іх ручной вышыўкай. Зразумела, усё каштуе нятанна, але кіраўнік творчага калектыву Л. С. Пятроўская і яе памочнікі зрабілі ўсё магчымае, каб касцюмы выглядалі прыгожа, адпавядалі стылю гурта і каштавалі ў межах разумнага. Мяркуецца, што ў новых уборах калектыў будзе выступаць на абласным свяце “Напеў зямлі маёй” і падчас творчай паездкі ў Славенію, якая запланавана на пачатак верасня. У карыстанне “Гасцінца” аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама перадаў квадракоптар, які будуць задзейнічаць падчас выступленняў. Ён ужо прайшоў апрабацыю на Купаллі, што традыцыйна ладзяць ракаўскія культработнікі.

РУП “Валожынскі жылкамунгас” з пачатку года правёў замену свяцільняў на святлодыёдныя ў месцах агульнага карыстання ў доме № 34 па вуліцы Паркавай у Ракаве і дамах № 35 па вуліцы Чапаева і № 2 па вуліцы Міру ў райцэнтры. Святлодыёдныя лямпы ўстаноўлены таксама ў падвальным памяшканні дома № 22 па вуліцы Партызанскай у Валожыне.

Такім чынам устаноўлены 101 свяцільнік. Засталося знайсці прызначэнне яшчэ 35-і. На вуліцах раённага цэнтра – 230 святлодыёдных свяцільняў для вонкавага асвятлення. А ўсяго іх закуплена сёлета 300 штук. Заменена электраабсталяванне кватэрных шчыткоў у жылых дамах №№ 16 і 20 па вуліцы Партызанскай.

На працягу летняга сезона нязменна ёсць пастаяльцы ў аграсядзібе “Налібоцкія васількі”. Гаспадары Васіль і Марыя Шакуны гасцінна сустракаюць не толькі масавыя групы турыстаў, але рады і адзіночным падарожнікам.

Не першы год у “Налібоцкіх васільках” праводзіць адпачынак фотажурналіст агенцтва “Рэйтар” Васіль Фядосенка. Чалавек, які мае магчымасць вандраваць па ўсім свеце, любіць бываць у беларускай глыбінцы. На гэты раз разам з жонкай Наталляй, дзвюма дачушкамі-дашкольніцамі і нават з дамашняй кошкай Васіль сплаўляўся па Іслачы, Заходняй Бярэзіне і Нёмане. Канчатковым пунктам воднага падарожжа стала радзіма Якуба Коласа Мікалаеўшчына. Падчас яго фотаархіў журналіста папоўніла мноства фотаздымкаў прыродных пейзажаў і прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету рэспублікі.

 

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Прочитано 338 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Направление работы, которое выбрано в области по устранению проблем, правильное…»

16.10.2019
г.Логойск, приём граждан