Крыху больш за два месяцы засталося да абласных «Дажынак», якія пройдуць сёлета ў Стоўбцах. Ці гатовы рэгіён да маштабнага свята, абмеркавалі на нарадзе з удзелам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына, паведамляе Мінская праўда.
Па словах старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніса Калясеня, будаўніцтва аб'язной дарогі з'яўляецца адным з найважнейшых аб'ектаў, які неабходна ўвесці ў эксплуатацыю да абласнога свята. Зараз аб'ект гатовы на 40 працэнтаў, але 15 жніўня будзе ўведзены ў эксплуатацыю.
Кінатэатр "Беларусь" - шматфункцыянальная прастора для жыхароў рэгіёну - таксама адкрыецца да свята. Сучаснае новае абсталяванне парадуе якасным гукам і карцінкай.
У будынку жаўнерні, дзе плануецца адкрыць школу мастацтваў, працягваюцца рамонтныя працы. Аб'ект няпросты, але важны для горада.
Да «Дажынак» завершыцца рамонт тэрапеўтычнага корпуса раённай бальніцы. Плануецца, што ў ЦРБ з'явіцца камп'ютарны тамограф. Выдзелены фінансы на добраўпарадкаванне тэрыторыі ЦРБ.
У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры раёна завяршаюцца рамонтныя работы. Электроннае табло, абноўленая пляцоўка для міні-футбола парадуюць гараджан.
У раённым цэнтры культуры абновіцца фасад і глядзельная зала.
Працэнт гатоўнасці дзіцячай бібліятэкі на гэты момант складае 70 працэнтаў. Акрамя касметычнага рамонту, у будынку мадэрнізуюць сістэмы апалу і асвятленні.
- Трэба падумаць над візуальным афармленнем горада. Гэтыя расцяжкі над дарожным пакрыццём часцяком выглядаюць неакуратна. Акрамя таго, праязджаючы на машыне, пачытаць, што напісана, вельмі складана. Тут больш негатыўных момантаў, чым станоўчых, - адзначыў Аляксандр Турчын.
Банкаўскія аддзяленні горада таксама прывядуць у належны выгляд.
Рэстаран "Нёман" ужо хутка прыме наведвальнікаў. Зараз рамонтныя работы завершаны на 75 працэнтаў. Новае спецыяльнае абсталяванне, абноўленыя прыступкі, уваходная група і інтэр'ер нададуць сучасны выгляд аб'екту. Да пачатку жніўня ў рэстаран завязуць новую мэблю.
Працягваецца капітальны і бягучы рамонт у частцы жылых дамоў. Дахі, фасады, уваходныя групы гэтых аб'ектаў прымуць больш сучасны выгляд.
Гатовая і творчая канцэпцыя свята. Ужо распрацаваны сцэнарны план і канцэртная праграма "Дажынак-2022".
На базе мясцовай рэдакцыі працуе кол-цэнтр. Жыхары могуць звярнуцца са сваімі прапановамі да мясцовых улад, а таксама ўдакладніць падрабязнасці падрыхтоўкі да свята.
- За год у кол-цэнтр паступіла 145 зваротаў. Людзі тэлефануюць і ў будні, і ў выходныя, - сказала галоўны рэдактар Нэлі Астрэйка.
- У наступны раз збяромся ў канцы ліпеня, і я спадзяюся, што ўсе абяцанні будуць выкананы. Інакш будзем прымаць меры, - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.