«Люблю, калі па-беларуску». Жыхары і госці Маладзечна пра фестываль песні і паэзіі
«Люблю, калі па-беларуску». Жыхары і госці Маладзечна пра фестываль песні і паэзіі
«Люблю, калі па-беларуску». Жыхары і госці Маладзечна пра фестываль песні і паэзіі

Ад самага рання ў Маладзечне гучаць музыка, песні, праходзяць спектаклі і сустрэчы з цікавымі людзьмі.МЛЫН.BY выйшаў на вуліцы горада і паспрабаваў высветліць, чым жа запомніўся сёлетні фестываль людзям? Што б яны хацелі змяніць, альбо якія мерапрыемствы ўпісаць у яго новыя старонкі?

Таццяна Бажко, госця горада, жыхарка Рассіі:

— На ваш Маладзечанскі фестываль мы трапілі з мужам другі раз. Жывём у Маскве, а тут, у Беларусі, карані яго бацькі. Практычна ўвесь учарашні, і частку сённяшняга дня, правялі ў горадзе, дзе ад самага рання праходзіць вельмі шмат мерапрыемстваў. Любім канцэрты, і песні, якія там гучаць, слухаем мясцовую гаворку. Муж кажа, што беларуская мова вяртае яго ў далёкае дзяцінства, частку канікул, будучы школьнікам, ён праводзіў тут, на  маладзечаншчыне, дзе бабуля частавала яго дранікамі, і паіла малаком з глінянага гладыша. Дарэчы, учора ён ўбачыў падобны на кірмашы, і купіў. Цудоўнае свята, вясёлае, добрае, усмешлівае!

Алена Конаўка, дырэктар Валожынскага Цэнтра культуры:

— У мінулым годзе, з-за пандэміі, фестываль адмянілі. І народ, а гэта бачна па ўсяму, засумаваў без музычна-паэтычнага форуму. Жыхары горада, а таксама яго госці, падарожнічаюць па «Творчым квартале Міншчыны», з задавальненнем знаёмяцца з культурай рэгіёнаў Мінскай вобласці. Сёння да дэлегацыі Валожынскага раёна далучыліся члены літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь», што працуе пры нашым цэнтры культуры. Бачылі б вы колькі жадаючых было паслухаць іх вершы, пагаварыць, атрымаць аўтографы на памяць. Мне здаецца, фестывалю хапае ўсяго.

Валянціна Конан, жыхарка Маладзечанскага раёна, у дэкрэтным адпачынку:

— Прыехала на свята разам з дзецьмі. Сыну сем, дачцэ — паўтара, але яна таксама жыва рэагіруе на ўсё тое, што адбываецца навокал. Шмат часу правялі ў парку, дзе працуюць атракцыёны, паласаваліся марожаным і салодкай ватай, паслухалі выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Мне здаецца тут ёсць усё, каб не сумаваць.

Вікторыя Ярашэвіч, музейны работнік, жыхарка Чэрвеньскага раёна:

— ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі назвала б мерапрыемствам бойкім, рознапланавым, цікавым, творчым. Конкурсы, канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі, спектаклі, праходзяць у гэтыя дні практычна ва ўсіх культурных установах. На вуліцах шмат дзяцей, моладзь, людзей сталага веку. Гледачы тут таксама асаблівыя, так бы мовіць, музычна адукаваныя. Як ніяк — што ні год, то фестываль, і кожны па-свойму адметны.

Ірына Станкевіч, пенсіянерка, жыхарка Валожынскага раёна:

— На свята ў Маладзечна прывезлі дзеці. Не ведаю як вам, гарадскім, а мне падабаецца ўсё, тым больш, што даўно ўжо нідзе не была. Запомніліся аркестры, што маршыравалі па Цэнтральнай плошчы, прыгожы парк з фантанамі. Палову дня правяла ля сцэны, дзе выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці з усёй вобласці. Практычна ўсе спявалі па-беларуску, што мяне, чалавека з вёскі, парадавала. Чаго б хацелася яшчэ? Каб артысты, што спяваюць з аркестрам, былі бліжэй да народа.

Фёдар Ярмушэвіч, ваенны пенсіянер, жыхар Слуцка:

— Ад дабра дабра, як кажуць, не шукаюць. Горад прыгожы, шмат мерапрыемстваў праходзіць прама пад адкрытым небам. Ні табе білетаў, ні запрашальнікаў. Падыходзь, садзіся, слухай. Усё проста і даступна.

Галерея изображений