Музыка маладых кампазітараў будзе гучаць у Маладзечне

VII Міжнародны сімфанічны семінар-форум маладых кампазітараў і музыказнаўцаў краін СНД імя М.К. Агінскага пачаўся ў Маладзечне. Праходзіць ён на базе мясцовага музычнага каледжа, і абяцае  прэзентацыі і творчыя сустрэчы маладых аўтараў са сталымі кампазітарамі і музычнымі крытыкамі, адукацыйныя лекцыйныя цыклы, майстар-класы.

У праграме — практыкумы для маладых кампазітараў, выканаўцаў і музыказнаўцаў, праца ўдзельнікаў над стварэннем новых сімфанічных партытур, непасрэдная работа з сімфанічным аркестрам і дырыжорам у працэсе напісання сачынення.

Пад час пяці папярэдніх форумаў сімфанічным аркестрам ужо прапрацавана звыш 65 новых арыгінальных партытур, лепшыя з якіх былі выкананыя ў канцэртах.

— Работа вельмі складаная і карпатлівая, нават далікатная, — кажа галоўны дырыжор Рыгор Сарока. — Ёсць спадзяванне ў наступных канцэртах убачыць за пультам і саміх кампазітараў, якія прадырыжыруюць уласнымі творамі. З майго боку будзе праведзена ўся патрэбная падрыхтоўчая праца. Жыццё працягваецца і дыктуе ўласныя карэктывы, аднак вялікі праект адбываецца, ён жыве.

У VII семінары-форуме разам з мастацкім кіраўніком Міжнародных Творчых майстэрань, прэзідэнтам Міжнароднай гільдыі маладых музыкантаў «МіжнародМалАд» Расійскага музычнага саюза Яраславам Судзілоўскім будуць працаваць старшыня Беларускага таварыства сучаснай музыкі Дзмітрый Лыбін (Беларусь); кампазітар, дацэнт кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алег Хадоска (Беларусь); загадчык кафедры кампазіцыі і тэорыі музыкі Нацыянальнай Пражскай акадэміі музыкі Йіржы Бездэк (Чэхія); народны артыст Расійскай федэрацыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэміі «Залатая маска» Уладзімір Кабекін (Масква, Екацярынбург); дырэктар МГМК ім. М. К. Агінскага, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, дырыжор Рыгор Сарока (Беларусь) і многія іншыя вядомыя людзі.

— Мерапрыемства будзе доўжыцца на працягу 10 дзён і закончыцца 22 красавіка, — расказвае загадчыца практычным навучаннем каледжа Яўгенія Рукевіч. — А пакуль што мы запрашаем жыхароў і гасцей горада на галоўнае яго ўпрыгажэнне  — канцэрт-адкрыццё VII Міжнароднага сімфанічнага семінара-форуму маладых кампазітараў краін СНД, які адбудзецца 14 красавіка, у 18:00, у вялікай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

У праграму мерапрыемства ўключаны лепшыя творы, напісаныя маладымі кампазітарамі — удзельнікамі мінулых форумаў. Першым выканаўцам новых цікавых па музыцы і змесце партытур традыцыйна будзе сімфанічны аркестр каледжа, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — Рыгор Сарока, дырыжор — Аляксей Андрэеў.

Галерея изображений