Сям`я медыкаў Балашка
Сям`я медыкаў Балашка

Спецыфiка дзейнасці, яе тонкасці і нюансы, непрадказальныя сітуацыі, ды проста звычайныя паўсядзённыя будні медыкаў яшчэ і яшчэ раз пацвярджаюць меркаванне, што яны — асаблівыя людзі. Нездарма аб іх прафесіі кажуць: «Богам дадзеная». І гэта сапраўды так, бо працаваць з хворымі, быць у адказе за іх здароўе можа толькі той, для каго медыцына з’яўляецца прызваннем і справай усяго жыцця. Менавіта да такіх людзей адносіцца Іван Сямёнавіч Балашка. 

image001.jpg

Ён нарадзіўся 20.10.1937 года ў вёсцы Ганчары Валожынскага раёна. Пачынаўся яго працоўны «марафон» больш за 50 гадоў таму. А яго перадумовай, вытокам і крыніцай будучай прафесійнай плыні была юнацкая мара стаць урачом, якую паспяхова ўвасобіў у рэальнасць.

Пасля заканчэння школы з сярэбраным медалём у 1956 годзе юнак з Валожыншчыны накіраваў дакументы ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Хутка праляцелі студэнцкія гады. І Вось маладога ўрача-фтызіятра накіроўваюць працаваць у Гродзенскую вобласць. Праз тры гады Іван Сямёнавіч вяртаецца на родную Валожыншчыну. Розныя пасады давялося яму займаць: хірург, урач-отарыналарынголаг, загадчык паліклінікі. З першых дзён работы зарэкамендаваў сябе як выдатны доктар, неабыякавы і чулы да чужога болю. З цягам часу трапіць да яго на прыём жадаючых станавілася ўсё больш і больш. Трывалыя тэарэтычныя веды ўзбагачаліся практычным вопытам і ўзаемаадносінамі з пацыентамі.

Там, на Валожыншчыне, юнак сустрэў сваё каханне. Дзяўчына Марыя, родам з вёскі Палавікі, што на Мядзельшчыне, вельмі запала яму ў душу. Яна таксама закончыла медыцынскі інстытут і працавала загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Валожынскай бальніцы. Пажаніліся. Жыць пераехалі ў Мядзел. Марыя Сямёнаўна ўладкавалася працаваць у санаторый «Сосны», а Іван Сямёнавіч — на пасаду загадчыка паліклінікі ў Мядзеле. Было гэта ў 1980 годзе. А праз два гады яго прызначаюць на пасаду галоўнага ўрача Мядзельскай ЦРБ. Пад яго кіраўніцтвам значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя раёна. Былі ўзведзены новыя будынкі ўрачэбных амбулаторый і фельчарска-акушэрскіх пунктаў, праведзены рэканструкцыі бальніц. Урачэбную практыку ён сумяшчаў з адміністрацыйнай дзейнасцю. Імя Івана Сямёнавіча стала асацыіравацца з медыцынай як адно цэлае, неразрыўнае паняцце.

У 1982 годзе І. С. Балашка абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Першым Ленінградскім медыцынскім інстытуце імя акадэміка І. П. Паўлава. Ён аўтар больш дзесятка навуковых работ. Ён зрабіў сем навуковых публікацый і адну метадычную прапанову.

З 1992 года і па 2017 год Іван Сямёнавіч працаваў на пасадзе ўрача-отарыналарынголага. За шматгадовую добрасумленную працу, вялікі ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя Мядзельшчыны ўзнагароджаны знакамі «Выдатнік аховы здароўя», «Выдатнік санітарнай абароны», медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна». А колькі Ганаровых грамат, падзяк атрымаў доктар — і падлічыць цяжка! 

image003.jpg

Івана Сямёнавіча добра ведаюць жыхары раёна, бо неаднойчы звярталіся за дапамогай. І як да выдатнага спецыяліста, высокакваліфікаванага доктара, і як да спагадлівага, чулага чалавека, які можа і ўмее падтрымаць не толькі сваім прафесійным майстэрствам, але і добрым словам, парадай.

Марыя Сямёнаўна таксама з 1981 года шчыравала на пасадзе загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Мядзельскай ЦРБ. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, яна больш за 15 гадоў яшчэ працавала ўрачом-тэрапеўтам.

Па шляху сваіх бацькоў пайшоў і сын Дзмітрый. Ён закончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Пасля праходжання інтэрнатуры з 1994 года працуе на пасадзе ўрача-хірурга Мядзельскай ЦРБ. Праўда, два гады ён быў намеснікам галоўнага ўрача санаторыя «Сосны». А каб не страціць навыкі, адначасова сумяшчаў работу ўрача-хірурга.

Гэта вельмі адукаваны спецыяліст, які выдатна ведае сваю справу. Ён з’яўляецца прыкладам добрасумленных адносін да справы. Заўсёды вельмі ўважлівы да хворых, спагадлівы, ініцыятыўны. Ці не таму пацыенты імкнуцца трапіць менавіта да гэтага доктара.

Дзмітрый Іванавіч пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню, укараняе ў практыку апошнія дасягненні медыцынскай навукі і тэхнікі. Ён мае першую кваліфікацыйную катэгорыю ўрача-хірурга. Рэгулярна праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Два разы праходзіў стажыроўку ў Германіі па хірургіі і эндаскапіі. У 2008 годзе старанне і руплівасць урача адзначаны Ганаровай граматай аблвыканкама. Увогуле, пра гэтага чалавека можна гаварыць толькі добрае. Д. І. Балашка карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і прызнаннем не толькі ў адміністрацыі, калег, але і шматлікіх пацыентаў. Паважаюць яго і за ўласцівыя яму інтэлігентнасць, глыбокую ўнутраную культуру і прыстойнасць.

Кожнаму чалавеку даецца магчымасць выбіраць свой шлях у жыцці, аднак далёка не ўсім шчасціць зрабіць гэта аднойчы і назаўсёды, быць паспяховым у сваёй дзейнасці. У Балашкаў атрымалася менавіта так — мара, лёс і прызванне супалі ў адным, прафесія медыка стала для іх справай на ўсё жыццё.


Галерея изображений