У Бярэзінскім раёне пачалася вакцынацыя
У Бярэзінскім раёне пачалася вакцынацыя

Восень. Холад. Дажджы. Час уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Ды і “карона” не адступае: прагназуецца другая хваля. Самы час зрабіць “укол ад грыпу”, пiша газета "Бярэзiнская панарама".

Vakcinaciya.jpg

— У Бярэзінскай ЦРБ ужо распачалася вакцынацыя супраць грыпу. Рэкамендуем усім: і дарослым, і дзецям зрабіць прышчэпку. Многія пытаюцца, навошта? Каб скараціць да мінімуму рызыку захворвання, — падкрэслівае галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук. – На жаль, сёння даволі вялікая імавернасць “падхапіць” так званую “мікст”-інфекцыю – грып плюс каранавірус. А такое захворванне праходзіць са значнымі ўскладненнямі, асабліва для людзей з групы рызыкі (пажылыя, з хранічнымі захворваннямі, цяжарныя жанчыны). Таму, вядома ж, каб не рызыкаваць сваім здароўем і жыццём, лепш зрабіць прышчэпку ад грыпу. У райбальніцы праводзіцца імунізацыя вакцынай «Грыпол плюс» на бясплатнай аснове, а таксама французскай – на платнай. Супрацьпаказанні да вакцынацыі: алергічная рэакцыя на курыны бялок і кампаненты вакцыны, абвастрэнне хранічнага захворвання. Вядома ж, пры прастудзе вакцынацыю дазваляецца праводзіць пасля ачуньвання. Прышчэпкі бяспечныя для здароўя, у крайнім выпадку можа праявіцца пачырваненне на скуры ў месцы ўколу, якое праходзіць праз 2-3 дні. Для правядзення прафілактычнай прышчэпкі неабходна звярнуцца да ўрача-тэрапеўта, урача агульнай практыкі або ў кабінет № 309 (3 паверх), для дзяцей — да ўчастковага ўрача-педыятра.

“Укол ад грыпу” дарослым робяць на базе працэдурнага кабінета паліклінікі (2 паверх) з панядзелка па пятніцу, з 7.30 да 18.00, у суботу — з 8.00 да 14.00. Дзецям — на базе прышчэпачнага кабінета педыятрычнага аддзялення палікліні-кі (1 паверх) з панядзелка па пятніцу, з 8.00 да 16.00.

Таксама прышчэпкі супраць грыпу можна зрабіць у працэдурных кабінетах амбулаторый урача агульнай практыкі, участковых бальнiц згодна з графікам работы ўстаноў аховы здароўя.


Галерея изображений