У паэтычнай гасцёўні Маладзечна збіраліся «дзяжурныя па планеце»
У паэтычнай гасцёўні Маладзечна збіраліся «дзяжурныя па планеце»
У паэтычнай гасцёўні Маладзечна збіраліся «дзяжурныя па планеце»

Аматары літаратурнага і музычнага мастацтва горада Маладзечна сталі ўдзельнікамі музычна-паэтычнай гасцёўні «Святло Радзімы. Радасць Перамогі» з удзелам беларускіх паэтаў розных пакаленняў і накірункаў, а таксама дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.

Мерапрыемства прайшло ў межах ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, яго вядучымі сталі пісьменнік-публіцыст, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнавец Міхась Пазнякоў.

Першым да мікрафона быў запрошаны беларускі паэт Уладзімір Мазго, аўтар слоў многіх папулярных песень, што ўвайшлі ў рэпертуар Іны Афанасьевай, Анатоля Ярмоленкі, Алесі, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Валерыя Дайнекі, Якава Навуменкі, Ірыны Дарафеевай, Андрэя Хлястова, Алены Саўленайтэ.

Вершы паэта сталі песнямі дзякуючы кампазітарам Алегу Елісеенкаву, Эдуарду Ханку, Леаніду Захлеўнаму, Уладзіміру Будніку, Валерыю Іванову, Мікалаю Сацуру. Яны гучалі на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску, нацыянальным фестывалі песні і паэзіі «Маладзечна», міжнародных фестывалях у Вільнюсе і Беластоку.

—  Я быў удзельнікам фестывалю 1993 года, які тады яшчэ праходзіў без «прыстаўкі» Нацыянальны, і нават захаваў тагачасны бэйджык, які ў мяне з сабой, — сказаў Уладзімір Мазго пад час свайго выступлення і прачытаў некалькі цёплых, пранікнёных вершаў на роднай мове.

Апладысментамі сустракалі прысутныя і беларускага журналіста, паэта, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, чалавека ўлюбёнага ў свой родны Полацк, галоўнага «суразмоўцу» Беларусі  Навума Гальпяровіча.

— Уражанне ад Маладзечна заўсёды адно: цудоўны горад, цудоўныя людзі, прыгожыя жанчыны, мужныя мужчыны і беларуская мова, якая гучыць на вуліцах горада, — зазначыў паэт, якога адносяць да ліку старажылаў фестывалю, і падарыў некалькі сваіх вершаў.

Гучалі яны і з вуснай Міхася Пазнякова, Валерыя Максімовіча, Віктара Шніпа, Іны Фраловай і многіх іншых вядомых беларускіх паэтаў, якія вызначаюцца і сваёй самабытнасцю, і непаўторнасцю.

Што ні верш, то свая маленькая гісторыя, боль душы, прысвячэнне маці, прызнанне радзіме, якое кранае, натхняе, прымушае сэрца біцца.

— Кажуць што ў паэзіі ёсць свой код, а паэты – гэта гаогул дзяжурныя па планеце, якія ў любы момант гатовыя адгукнуцца на падзеі, што адбываюцца навокал, — зазначыла Алена Стэльмах. І ў гэта немагчыма не паверыць.

Галерея изображений